Цэнтрвыбаркам запрасіў прадстаўніка БАЖ у Назіральную раду па СМІ
Цэнтральная камісія па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў праінфармавала ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» аб фармаванні Назіральнай рады па кантролю за выкананнем парадку і правілаў правядзення перадвыбарчай агітацыі ў сродках масавай інфармацыі пры правядзенні выбараў у мясцовыя саветы.
Цэнтрвыбаркам
прапануе рэкамендаваць для ўключэння ў склад Назіральнай рады старшыню БАЖ Андрэя Бастунца.
Як гаворыцца ў лісце за подпісам старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай, Андрэй Бастунец ужо мае досвед працы ў складзе Назіральнай рады па СМІ на мінулых парламенцкіх выбарах, таму можа ўвайсці ў склад такой рады зноў.
Нагадаем, што просьбе ГА “БАЖ” падчас парламенцкай кампаніі 2016 года Андрэй Бастунец сапраўды быў уключаны ў склад такой рады. Праўда, апроч яго ў склад рады ўваходзілі толькі прадстаўнікі дзяржаўных выданняў.
Разам з тым ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” мае намер прыняць запрашэнне ЦВК і накіраваць свайго прадстаўніка ў назіральную раду.