Харэўскі: «Рэстаўраваны» Лошыцкі палац — чарговы лапідарны муляж»

Сёння ў Мінску пасля рэстаўрацыі адкрываецца для наведвання Лошыцкі палац. Лошыцкая сядзіба — гэта палацавы комплекс, які складаецца з самога сядзібнага дому, флігеля для прыслугі, дамка ахоўніка, вінакурнага заводу і млына.



67274.jpg

Асноўная экспазіцыя размешчаная ў палацы і прысвечаная ладу жыцця гарадской знаці, да якой належалі апошнія ўладальнікі сядзібы Любанскія. Яшчэ адна экспазіцыя пад назвай «Кола часу» размешчаная ў флігелі і дэманструе гарадскую і сельскую культуру тых часоў. Гэта прадметы побыту, сярод якіх самавары, грамафоны, швейныя машыны і іншыя прадметы. Паводле рэстаўратараў, на сёння сядзіба мае выгляд, як пасля апошняй перабудовы ў 1897 годзе.

У сваю чаргу культуролаг Сяргей Харэўскі назваў рэстаўрацыю Лошыцкага палаца поўным знішчэннем ягонай аўтэнтычнасці:

«Я прымаў удзел у даследаваннях гэтай сядзібы, калі працаваў у інстытуце «Белспецпраектрэстаўрацыя» яшчэ ў сярэдзіне 1980-х гадоў. Мы праводзілі там раскопкі пад кіраўніцтвам Ігара Мяфодзьевіча Чарняўскага — цяперашняга кіраўніка Дэпартамэнту па ахове гісторыка-культурнай спадчыны. І тады былі людзі, якія давалі надзею на лепшае ў звязку з гэтым палацам, тады панаваў рамантычны настрой. Але гэтым марам не наканавана было здзейсніцца.

Рэстаўрацыя Лошыцкай сядзібы заняла больш за трыццаць гадоў, апошнія восем былі часам, калі непасрэдна праводзіліся працы. У працэсе гэтай рэстаўрацыі сядзібу давялі да аварыйнага стану, у выніку чаго большую частку сядзібнага дома, ягоныя аўтэнтычныя канструкцыі давялося разабраць. Праз гэты разбор былі зруйнаваныя ўнікальныя спараныя неагатычныя коміны, якія абваліліся бяз гэтай асноўнай першаснай канструкцыі. Я прыходзіў і бачыў, як з кранаў лілася вада проста на драўляную старую падлогу. Складалася ўражаньне, што гэта наўмысна знішчаецца на тое, каб гэта зруйнаваць і зрабіць наноў. Натуральна, што і падмуркі, падвалы — усё гэта моцна пашкоджана, але галоўным чынам — унікальныя камінныя і драўляныя канструкцыі.

Тое, што мы бачым, — гэта, канечне, ніякая не рэстаўрацыя, гэта ўзнаўленне з прыстасаваннем. Гэта чарговы лапідарны муляж, хоць былі ўсе шанцы, каб аднавіць гэты ўнікальны помнік архітэктуры, гісторыі і культуры.

Шкада і вельмі шкада, бо на момант рэстаўрацыйных працаў сядзіба выглядала амаль ідэальна. Да таго моманту ў палацы месціўся Інстытут раслінаводства, і ў ім было ацяпленне, таксама даглядаліся памяшканні, і дзякуючы гэтаму будынак ацалеў. Але наступныя трыццаць гадоў дзіўнай дзейнасці — ледзь не наўмыснае давядзенне да руінаў гэтага палаца — прывяло да таго, што большая частка аўтэнтыкі гэтага палаца была незваротна страчаная. А разам з ёй сышоў і гэты рамантычны таямнічы дух даўніны.

Лошыцкі парк, у сваю чаргу, ператварыўся ў месца для шашлыкоў, для аматараў выпіць паставілі альтанкі, уклалі туды тоны бетону, а самыя каштоўныя паркавыя помнікі засталіся ў руінах. Маю на ўвазе капліцу Маці Божай Анёльскай, млын, ня кажучы ўжо пра будынкі на супрацьлеглым беразе ракі. Іх цяперашні стан, фактычна, — яскравае сведчанне таго, як у нас ставяцца да гісторыка-культурнай спадчыны. А менавіта — выключна мэркантыльна, для забаўкі. Гэта значыць, што тыя, хто кіраваў працэсам, ад каго залежалі рашэнні, не разумелі ў прынцыпе сэнсу і прызначэння такіх помнікаў».

Паводле кіраўніцтва Музею гісторыі Мінску, у склад якога ўваходзіць Лошыцкі палац, гасцёўня Лошыцкага палаца неўзабаве будзе таксама выконваць камерцыйныя функцыі. Дзеля таго каб музейны комплекс мог «зарабляць грошы» тут плануюць праводзіць творчыя імпрэзы, выставы, фотасесіі, ладзіць шлюбныя цырымоніі.

Лошыцкі палац размешчаны ў адным з найстарэйшых месцаў сучаснага Мінску — Лошыцкім парку. Самая ранняя дакументальная ўзгадка пра Лошыцкі палацава-паркавы комплекс датуецца 1493 годам. Паводле архіўных дакументаў, сядзібай у розныя гады валодалі князі Талачынскія, Друцкія-Горскія, Прушынскія і Любанскія. Апошні з Любанскіх, Яўстафі, у 1896 годзе перабудаваў сядзібу, дзе былі капліца, дом аканома, будынак спіртзаводу, вадзяны млын, гаспадарчыя пабудовы, у тым ліку конезавод, быў закладзены ўнікальны парк. У 30-я гады сямейную капліцу-пахавальню Прушынскіх-Любанскіх узарвалі, а ў палацы размясьціліся органы НКУС. Пасьля вайны на базе Лошыцкага парку дзейнічаў беларускі філіял Усесаюзнага інстытуту раслінаводства.

Радыё Свабода