Ці рэальна ў Беларусі стварыць моцныя мясцовыя грамадскія супольнасці?

Аляксей Гайдукевіч разважае на budzma.by пра тое, якім чынам можна ажывіць мясцовы актывізм у рэгіёнах.

civil_society_forum_logo.png

У Беларусі большасць звычайна ўспрымае грамадскі сектар як нейкія структуры, навязаныя дзяржавай, альбо паўлегальныя арганізацыі з невядомымі крыніцамі фінансавання. Асноўная маса грамадзян не знаёмая з сацыяльнай, гарызантальнай актыўнасцю і ставіцца да лакальных ініцыятыў як мінімум насцярожана.
Гістарычна так склалася, што той, хто выходзіць за стандартны шаблон паводзінаў «праца-дом-праца», выносіцца соцыумам за межы грамадства і не ўспрымаецца гарманічна.
Таму шмат пытанняў выклікаюць прапановы аб развіцці мясцовых супольнасцяў, пра якія я выказаўся ў матэрыяле аб супрацьстаянні алкагольнай катастрофе ў нашай краіне.
Прыклады з далёкай Ісландыі ці з яшчэ больш экзатычных ЗША могуць успрымацца як прыклады з іншай планеты. Таму варта пазнаёміць беларусаў з лакальнай дзейнасцю ў блізкай нам Польшчы, а ў прыватнасці з Добраахвотніцкай пажарнай службай.
Так, вам не падалося! За Бугам прытрымліваюцца традыцый з эпохі станаўлення гэтага кірунку грамадскай актыўнасці. І дзяржава з ахвотай падтрымлівае ініцыятыўных грамадзянаў, якія бясплатна займаюцца ратаўнічай дзейнасцю (добраахвотнік атрымлівае толькі пагадзінную аплату за ўдзел у ратаўнічых аперацыях і тушэннях).
Уявіць, што ў Беларусі чыноўнікі могуць пайсці на перадачу часткі дзяржаўных паўнамоцтваў (тым больш у сферы бяспекі), цяжка. Але на маю думку, менавіта такія крокі могуць стаць пачаткам адраджэння рэгіёнаў і выхаду мясцовых супольнасцяў на якасна новы ўзровень гарызантальнага ўзаемадзеяння грамадзянаў.
Пажарныя структуры часта з’яўляюцца адзіным месцам, дзе жыхары мясцовасці разам выконваюць добраахвотную бясплатную працу на агульную карысць
Дзяржаўная пажарная служба ў Польшчы налічвае 30 тысяч ратаўнікоў. Добраахвотнікаў у краіне каля 600 тысяч. Менш чым палова мае ліцэнзіі на ўсе асноўныя віды дзейнасці. Астатнія — гэта тэхнічныя супрацоўнікі, а таксама ўдзельнікі спартыўна-культурніцкага жыцця дружын, моладзевыя актывісты і гэтак далей.
У Польшчы сутыкнуліся з новымі ўмовамі жыцця — шмат прафесійных пажарных з’ехала на заробкі ў заходнія краіны, таму дзяржаўная служба адчувае недабор. У такой сітуацыі добраахвотныя дружыны, якія дзейнічалі нават за часамі камуністычнай улады, сталі сапраўдным паратункам.
Пажарную бяспеку ў вясковых мясцовасцях, асабліва ў летнія часы, забяспечваюць добраахвотнікі. А статыстыка дэманструе сталы рост колькасці ратаўнічых акцый, у якіх яны бяруць ўдзел разам з дзяржаўнай службай і нават асобна.
Мясцовыя ўлады фінансуюць закупку неабходнага абсталявання для добраахвотнікаў і выплачваюць заробкі за час правядзення ратаўнічых аперацый, астатняя дзейнасць фінансуецца за кошт фундатараў, унёскаў добраахвотнікаў, удзелу мясцовых жыхароў і арганізацый.
Як адзначаецца ў адмысловым даследаванні, аддзелы Добраахвотнай службы ўсё больш бяруць на сябе функцыі пунктаў грамадскай актыўнасці ў невялікіх мястэчках. Пажарныя аб’ядноўваюць актыўных прадстаўнікоў мясцовых супольнасцяў, арганізуюць грамадскае жыццё ў рэгіёнах. Акрамя таго, што пры ратаўнічых службах развіваюцца музычныя і спартыўныя секцыі, вядзецца шырокая праца з моладдзю, пажарныя супрацоўнічаюць з іншымі грамадскімі аб’яднаннямі (экалагічнымі, культурніцкімі, дабрачыннымі, па лакальным развіцці і іншымі).
Як адзначаецца ў дакладзе, пажарныя структуры часта з’яўляюцца адзіным месцам, дзе жыхары мясцовасці разам выконваюць добраахвотную бясплатную працу на агульную карысць супольнасці (ратаўнікі ў тым ліку займаюцца доглядам мясцовых помнікаў архітэктуры, арганізацыяй і ўдзелам у народных святах, фестывалях, утрымліваюць музеі, бібліятэкі і г.д., адукацыйнай працай, арганізацыяй музычных і тэатральных лакальных груп).

У Беларусі ініцыятыва на баку грамадскіх актывістаў і ўладаў

Па розных ацэнках, колькасць супрацоўнікаў Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Беларусі складае прыблізна 25 000 чалавек. Амаль такая ж, як і ў дзяржаўнай службе Польшчы.
З функцыямі, падобнымі да польскіх добраахвотнікаў, у нас у краіне арганізацый няма.
Зразумела, што аб’ёмы бюджэтаў і адсутнасць падобных традыцый не дазваляюць кіраўніцтву МНС РБ нават задумацца аб спрыянні ўзнікненню добраахвотнай службы па польскім прыкладзе.
Але на маю думку, падобныя арганізацыі змаглі б пачаць сапраўдную рэвалюцыю ў грамадскім жыцці рэгіёнаў.
У сітуацыі, калі, фактычна, усе намаганні ўладаў адрадзіць жыццё на беларускай вёсцы падаюцца марнымі, такога кшталту ініцыятывы маглі б стаць сапраўдным паратункам для лакальных грамад.
Прыклад Польшчы — гатовы ўзор для пераймання, а не нагода для развагаў пра карысць для беларускага грамадства з’яўлення аб’яднаных супольнасцяў на мясцовым узроўні. Тым больш не летуценні пра стварэнне сістэмы грамадзянскай абароны з кіраўнікамі аблвыканкамаў на чале, пра якія так шмат было чуваць некалькі гадоў таму ў дзяржаўнай прэсе.
У матэрыяле пра беларускую армію я разважаў пра неабходнасць вяртання даверу да вайскоўцаў у прыватнасці і агулам да людзей у форме.
Акрамя ажыўлення вёсак і невялікіх мястэчак, спробы адраджэння грамадскай актыўнасці ў іх, стварэнне добраахвотных лакальных пажарных службаў станоўча б паўплывала на грамадскае меркаванне ў краіне. Магчыма, стала б падмуркам для пабудовы сапраўдны сучаснай дзяржавы, якая б абапіралася на шырокія колы салідарных і арганізаваных грамадзян.
У гэтым мусяць быць зацікаўленыя не толькі грамадскія актывісты, але і дзяржаўныя структуры.