Цяпер канчаткова: папулярны партал TUT.BY пазбаўлены статусу СМІ

Эканамічны суд Мінска адхіліў скаргу ТАА «ТУТ БАЙ Медыя» на рашэнне пазбавіць TUT.BY статусу СМІ. З 19 студзеня яно афіцыйна ўступае ў сілу.

06_sud_tutbay_20201124_zam_tutby_phsl.jpg

19 студзеня Эканамічны суд Мінска разгледзеў апеляцыю ТАА «ТУТ БАЙ медыя», якое было не згодна з пастановай пазбавіць TUT.BY статусу СМІ. Суд разгледзеў скаргу, але не знайшоў падстаў для адмены пастановы. З 19 студзеня 2021 года яно афіцыйна ўступае ў сілу. TUT.BY пазбаўляецца статусу СМІ.

Нагадаем, з 7 жніўня 2020 года TUT.BY атрымаў чатыры папярэджанні па матэрыялах «У сем разоў больш выбаршчыкаў і «таемныя» пратаколы. Якія парушэнні ўбачылі назіральнікі і што сказаў ЦВК?», «Камітэт дзяржкантролю зможа выплаціць буйныя прэміі работнікам, якія праявяць сябе ў рэзанансных справах», «Да рэдактара TUT.BY прыйшлі сілавікі. На яе дачку завялі крымінальную справу аб масавых беспарадках» і «Беларуская мытня папрасіла пацвердзіць, што ў Гары Потэра «няма заклікаў да звяржэння ўлады».

Пасля абскарджання TUT.BY у Вярхоўным судзе вынесеных папярэджанняў адно з іх было прызнана несапраўдным.

Пазбаўленне выдання статусу СМІ магчыма пасля двух і больш пісьмовых папярэджанняў на працягу аднаго года.

18 верасня Міністэрства інфармацыі звярнулася ў суд з пазовам аб спыненні выпуску сеткавага выдання TUT.BY. З 1 кастрычніка загадам міністра інфармацыі Ігара Луцкага дзеянне гэтага статусу для TUT.BY прыпынена да 30 снежня 2020 года.

3 снежня Эканамічны суд Мінска прыняў рашэнне пазбавіць TUT.BY статусу СМІ. Пасля адхілення скаргі яно афіцыйна ўступіла ў сілу з 19 студзеня.

Як цяпер будзе працаваць партал?

Магчымасць рэгістравацца як СМІ ў беларускіх інтэрнэт-рэсурсаў з'явілася ў канцы 2018 года, да гэтага сайты і парталы краіны працавалі без гэтага статусу. Рэгістрацыя не абавязковая, а добраахвотная. Многія сайты краіны не праходзілі гэтую працэдуру і паспяхова працуюць. TUT.BY быў зарэгістраваны як СМІ толькі ў студзені 2019 года.

Зараз TUT.BY працягвае працаваць як інтэрнэт-рэсурс без статусу СМІ. Паводле закона, уладальнік інтэрнэт-рэсурсу мае права збіраць, атрымліваць, перадаваць і распаўсюджваць інфармацыю любым спосабам у адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, выкладаць на інтэрнэт-рэсурсе асабістыя меркаванні і ацэнкі з указаннем уласнага імя або псеўданіма.

Гэта значыць, TUT.BY працягне на законных падставах асвятляць тое, што адбываецца ў Беларусі і ў свеце.