Цяпер медыкі могуць перапрацоўваць у два разы больш — да 1800 гадзін на год

Міністэрства аховы здароўя дазволіла медыкам перапрацоўваць яшчэ больш. Цяпер да 1800 гадзін на год, паведамляе onliner.by.

Фота з сайта zp.gov.ua

Фота з сайта zp.gov.ua

З'явілася пастанова ад 22 кастрычніка, у якой Міністэрства аховы здароўя ўрэгулявала працу медработнікаў, якія прыцягваюцца да працы звыш нарматыўнай працягласці працоўнага часу (звыш 900 гадзін на год).

Раней па законе працягласць працы медработнікаў магла перавышаць норму не больш чым на 900 гадзін на год. Цяпер гэты максімум павялічылі да 1800 гадзін.

Паводле Міністэрства аховы здароўя, павелічэнне можа быць толькі са згоды работніка і па ўзгадненні з прафсаюзам.

«У сучасных умовах, улічваючы напружаную працу медыцынскіх работнікаў ва ўмовах пандэміі каронавіруснай інфекцыі, усталяваная норма ў асобных выпадках (і толькі па згодзе медработніка) можа быць перавышаная, — тлумачыць Міністэрства ховы здароўя. — У сувязі з гэтай пастановай №113 вызначана, што ў 2021–2022 гадах праца звыш устаноўленай заканадаўствам працягласці працоўнага часу па асноўнай працы можа павялічвацца да 1800 гадзін на год».