Cтварэнне партыі «Вместе» замарозілася…

Паплечнікі Віктара Бабарыкі, які зараз адбывае пакаранне ў калоніі, 29 сакавіка гэтага года абвясцілі, што ў Беларусі можа з’явіцца новая партыя «Вместе», якая аб’яднае апазіцыйныя сілы. «Народная Воля» пацікавілася, ці рухаецца справа па яе стварэнні.

photo5406660443621143854_logo_1_1.jpg

Глеб Германчук, прэс-сакратар штаба экс-прэтэндэнта на прэзідэнцкую пасаду Віктара Бабарыкі распавёў «Народнай Волі», што зарэгістраваць партыю — гэта крыху з галіны фантастыкі.

— Улічваючы тыя рэпрэсіі, якія цяпер адбываюцца ў Беларусі, можна ўявіць, як цяжка ў краіне зарэгістраваць нейкае новае грамадскае аб’яднанне ці непраўладную палітычную партыю. Больш за тое — знішчаюцца практычна ўсе легальныя структуры грамадзянскага сектара.

Таму мы цудоўна разумеем, што ў такой сітуацыі зарэгістраваць партыю — гэта крыху з галіны фантастыкі. Мы нават не можам правесці ніводнага сходу, таму сканцэнтравалі працу ў фармаце анлайн, праводзім навучанне і арганізоўваем дэбаты.

Я лічу, што стварэнне партыі — гэта доўгі шлях, таму зараз мы нават не можам нічога сказаць ці выступіць з нейкімі гучнымі заявамі.

— Колькі на гэты момант пададзена заяў на ўступленне ў партыю?

— Каля 7 тысяч, але на гэтым мы пакуль спыніліся і дадатковы набор не аб’яўляем. Гэта звязана галоўным чынам з тым, што адбываецца ў краіне. Працягваем працаваць з тымі, хто ў нас ёсць. З іх каля 2 тысяч — гэта актыўныя ўдзельнікі розных дыялогаў і абмеркаванняў.

— Адным словам, можна сказаць, што стварэнне партыі замарозілася…

— Можна сказаць і так. Яшчэ ў траўні мы планавалі правесці вялікі з’езд на тысячу ўдзельнікаў, але цяпер нават нешматлікія сустрэчы з актывам у Гродне і Маладзечне сарваліся. Таму пра з’езд гаворкі не ідзе. У гэты момант наша задача — захаваць той рэсурс, які быў напрацаваны на працягу года.