Cуддзя Вікторыя Шабуня вярнула на дапрацоўку справу Тамары Сяргей

Суддзя суду Цэнтральнага раёна горада Мінска Вікторыя Шабуня 25 красавіка вярнула на дапрацоўку ў Цэнтральны РУУС сталіцы адміністрацыйную справу юрысткі Тамары Сяргей.

zanczyny_sud_25.4.16__2__logo.jpg


Тамара Сяргей абвінавачвалася ва ўдзеле ў недазволеным пікеце, які 31 сакавіка на сталічнай плошчы Свабоды правялі 15 актывістаў Грамадзянскай ініцыятывы супраць беззаконня ў судах і пракуратуры — пенсіянеры і інваліды з розных рэгіёнаў краіны. Яны спрабавалі дамагчыся дыялогу з чыноўнікамі, якія даюць адпіскі на звароты грамадзянаў.

 

Праз тыдзень на шэраг грамадскіх актывістаў, у тым ліку і на Тамару Сяргей, участковы інспектар міліцыі Цэнтральнага РУУС Антон Зубцоў склаў пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэнні. Падтрымаць праваабаронцу ў судзе прыйшлі яе сябры з Грамадзянскай ініцыятывы супраць беззаконня ў судах і пракуратуры, а таксама журналісты незалежных СМІ.

 

Судовы працэс з перапынкамі цягнуўся больш за тры гадзіны. Супраць Тамары Сяргей сведчылі супрацоўнікі АМАП Мінгарвыканкаму, камандзір аддзялення Алесь Сакольчык і камандзір узводу Зміцер Лабкоў. Юрыстка змагла даказаць суду неабходнасць вяртання адміністрацыйнай справы на дапрацоўку.

 

У каментары НЧ Тамара Сяргей адзначыла: “У судовым працэсе я прадставіла доказы, што Антон Зубцоў цалкам праігнараваў найважнейшы этап адміністрацыйнай справы — яе падрыхтоўку. Апроч таго, у матэрыялах справы знаходзяцца абсалютна аднолькавыя пратаколы апытання сведкаў — супрацоўнікаў АМАП, што пацвярджае фальсіфікацыю гэтых дакументаў. А сам пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні быў напісаны неразборлівым почыркам”.

 

У гэтай сітуацыі праваабаронца прасіла суд прызнаць не маючым юрыдычнай сілы пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні, складзены Антонам Зубцовым, і спыніць адміністрацыйны працэс.

 

Нагадаем, што 22 красавіка актывістка ініцыятывы з Бабруйску (Магілёўская вобласць) Валянціна Каваленка за ўдзел у пікетаванні 31 сакавіка на плошчы Свабоды была аштрафаваная суддзёй суду Цэнтральнага раёна Валерам Есьманам на 20 базавых велічынь (4,2 мільёна рублёў). Справы яшчэ двух  пікетоўшчыц, мінчанкі Камеліі Чарняўскай і бабруйчанкі Любові Санкевіч будуць разглядацца ў судзе Цэнтральнага раёна сталіцы, адпаведна, 28 красавіка і 5 траўня а 16.00.

 

Трэба адзначыць, што 77-гадовая Камелія Чарняўская даведалася пра судовы працэс над сабою толькі 25 красавіка ў зале судовага пасяджэння падчас разгляду адміністрацыйнай справы Тамары Сяргей.