У судзе 77-гадовая пенсіянерка перамагла трох міліцыянтаў

Пад час адміністрацыйнага працэсу 28 красавіка ў судзе Цэнтральнага раёна горада Мінска 77-гадовая пенсіянерка Камелія Чарняўская перамагла трох міліцыянтаў — участковага інспектара Цэнтральнага РУУС Антона Зубцова, а таксама супрацоўнікаў АМАП Мінгарвыканкаму — камандзіра аддзялення Алеся Сакольчыка і камандзіра ўзводу Змітра Лабкова.

Камелія Чарняўская (першая злева)
на плошчы Свабоды 31 сакавіка 2016 года 

Камелія Чарняўская (першая злева) на плошчы Свабоды 31 сакавіка 2016 года 


У выніку пасяджэння, якое доўжылася амаль дзве гадзіны, суддзя Вікторыя Шабуня накіравала справу мінчанкі Камеліі Чарняўскай на дапрацоўку ў Цэнтральны РУУС.

 

Жанчына абвінавачвалася ва ўдзеле ў недазволеным пікеце, што 31 сакавіка на плошчы Свабоды ў Мінску, які ладзілі актывісты Грамадзянскай ініцыятывы супраць беззаконня ў судах і пракуратуры. 

 

Дарэчы, спадарыня Чарняўская даведалася пра судовы працэс над сабой толькі 25 красавіка ў зале судовага пасяджэння пад час разгляду адміністрацыйнай справы іншай актывісткі ініцыятывы, юрысткі Тамары Сяргей.

 

Падтрымаць Камелію Чарняўскую ў судзе прыйшлі яе сябры з Грамадзянскай ініцыятывы супраць беззаконня ў судах і пракуратуры, а таксама журналісты незалежных СМІ.

 

Спадарыня Камелія змагла даказаць суду неабходнасць вяртання адміністрацыйнай справы на дапрацоўку.

 

У каментары НЧ праваабаронца Тамара Сяргей, якая прысутнічала ў працэсе, распавяла, што Камелія Чарняўская годна і з гумарам супрацьстаяла хлуслівым сведчанням трох міліцыянтаў. “І ні адзін з іх не змог адказаць на пытанне пенсіянеркі, чаму супрацоўнікі міліцыі не выканалі свой абавязак па спыненню правапарушэння. Пры гэтым жанчына заявіла, што не бачыла на плошчы Свабоды аніякіх міліцыянтаў. Паколькі ўсе яны былі ў цывільным, спадарыня Камелія палічыла міліцыянтаў за журналістаў”, — сказала Тамара Сяргей.

 

Паводле яе слоў, разгляд справы засведчыў, што ў судовым працэсе мае шанец перамагчы толькі той, хто змагаецца з дапамогай прававых нормаў, а не эмоцый. “Менавіта такая пазіцыя грамадзяніна дазваляе паказаць беззаконне з боку суда”, — падкрэсліла юрыстка.

 

Нагадаем, што 22 красавіка актывістка ініцыятывы з Бабруйску (Магілёўская вобласць) Валянціна Каваленка за ўдзел у пікеце 31 сакавіка на плошчы Свабоды была аштрафаваная суддзёй суду Цэнтральнага раёна Валерыем Есьманам на 20 базавых велічынь (4 млн.200 тыс.руб). Справы яшчэ двух пікетоўшчыц — мінчанак Тамары Сяргей і Камеліі Чарняўскай накіраваны на дапрацоўку, а справа бабруйчанкі Любові Санкевіч будзе разглядацца ў судзе Цэнтральнага раёну 5 траўня а 16.00.