Чаму нельга любіць Мінск?

Мінск — сталіца краіны, якая стала, фактычна, галоўнай апорай нейкага развіцця ў Беларусі. На жаль, тут ніводны горад не можа нават крыху параўнацца з гэтым гігантам, куды з усіх куткоў рэспублікі бягуць людзі ў пошуках шчасця ці хаця б нейкіх магчымасцяў.

maxresdefault_800x450_1.jpg


Мне як бы пашанцавала — нарадзіўся і жыву ў Мінску. Але ці можна гэта назваць шчасцем? Наўрад ці, калі прыгледзецца да гэтага горада страчанай памяці. Дык чаму нельга любіць Мінск, а неабходна крытыкаваць яго як мага больш?
У гэтых джунглях жалезабетонных гмахаў я правёў усё жыццё. У дзяцінстве я любіў цэнтр, яго велізарныя плошчы, утульныя крамы і рэшткі нядаўнай беларусізацыі. Тады нават “Іў Рашэ” пісалася на роднай мове. Вельмі любіў гуляць па Камсамольскім возеры, Нямізе, дзе ў 1998 годзе, падчас той самай цісканіны, мы выратаваліся, пайшоўшы ў іншы ад метро бок. Менавіта таму я не люблю і не разумею дагэтуль моду сустракацца “на ружах” — мемарыяле нявінна памерлых праз дрэнную арганізацыю гулянак і няўдалую навальніцу. Але Няміга была тады адносна прыгожай, яна цягнула гуляць па сваіх сцяжынках. Няхай і не стэрыльна аблізаных, як цяпер, затое нейкіх жывейшых.
Тады мікрараёны падаваліся іншым, дзікаватым, светам, дзе адны кітайскія сцены і разбітыя мары. Не любіў туды ездзіць, як, у прынцыпе, і цяпер.
Але час ішоў, Мінск пачалі рабіць помнікам беларускай паказухі. І тут усё пачало змяняцца. Прыгожыя графіці на гаражах Пушкінскай замалявалі, прыгожыя зялёныя зоны пачалі забудоўваць, мінулае — знішчаць і будаваць фалічныя і клітарападобныя гмахі, сэнс якіх нібы толькі адзін — паказаць, што тут “па-еўрапейску”. На жаль, падаецца, што менавіта такімі катэгорыямі думаюць мясцовыя ўлады, калі раздаюць усе гэтыя недарэчныя і дэструктыўныя дазволы на зносы і забудовы. А мікрараёны яшчэ больш сталі нагадваць герояў антыўтопіі з элементамі індустрыяльнага постапакаліпсісу. Пуставатыя двары з пабітымі “малымі архітэктурнымі аб’ектамі” хутчэй нагадваюць нейкую Прыпяць, чым сталіцу. Шараватыя сцены блочных гмахаў ствараюць адчуванне бясконцых лабірынтаў, адкуль не знайсці выйсця вольнай душы, што цягнецца да сонца ці зораў.
А апагей гэтай сумесі мэйкапу і постсавецкага апакаліпсісу — вядомыя Шабаны. Месца, куды наўрад ці без справы паедзеш. Памятаю, некалькі гадоў таму я пісаў агляд і раскрываў душу гэтай незалежнай рэспублікі. Рэшткі савецкай прамысловасці, дзе яшчэ месцамі цепляцца прыкметы жыцця, вакол маладыя асобы, што кідаюць на цябе позіркі, разумеючы, што ты тут госць, чужы, а яны за табой сочаць. Міні-горад, дзе няма месца чужым.

Дык за што не любіць Мінск? Як мінімум, за адсутнасць памяці. Вядома, што ад горада мала што засталося пасля вайны, але калі Дрэздэн і Варшава аднаўляліся ў першапачатковым выглядзе, то Мінск чакаў іншы лёс — стаць помнікам росквіту сталінскага ампіру, з пралетарскай веліччу і гігантаманіяй. Няхай і так, але тут была нейкая ўнікальная спецыфіка і асаблівая прыгажосць. Часы змяніліся, і вось ужо тыя, хто нібыта мусіць развіваць гэты горад і сталіцу, самавольна знішчаюць рэшткі гістарычнага мінулага. Прычым гэта тычыцца і сталінскага ампіру. Чым больш часу праходзіць, тым больш мы страчваем — нават архітэктурны ансамбль праспекта Скарыны (Пераможцаў). Спачатку дрэвы, потым старыя помнікі, далей сталінскія будынкі, а ў канцы — тыя адзінкавыя культавыя для мясцовых месцы.


На нашых вачах разбураюць Верхні горад і гарадок Трактарнага завода — нямногія месцы, што захавалі сваю асаблівую душу. Пры нашым маўчанні пабудавалі Кемпінскі і знеслі першую электрастанцыю. Такім жа чынам мы фактычна страцілі Нямігу. Шмат прыкладаў можна прывесці, але што мы атрымліваем наўзамен? Гандлёвыя цэнтры і гасцініцы? Поўнасцю забудаваныя гмахамі мікрараёны, дзе апроч якой-небудзь Малінаўкі, Зялёнага Лугу ды Уручча няма ўвогуле ніякіх намёкаў на самабытнасць, душэўнасць і ўвогуле жаданне жыць.
Я памятаю, як пэўны час свайго жыцця шмат часу бавіў у Сухараве (сам я большую частку жыцця жыву на вуліцы Якуба Коласа, у цэнтры). Ніколі не забуду гэты шэры від з акна, дзе толькі пустыры і сцены панэлек, дзе недзе на гарызонце бачны дым ЦЭЦ. Ды нават не толькі ў шэрасці рэч — там сапраўды няма чаго рабіць, апроч сну і проста існавання. Спальнік, адкуль нават не з’едзеш увечары, бо транспарт да метро ўжо амаль не ідзе. Складаецца адчуванне, што Сухарава — нейкая пастка: заехаць можа кожны, а вось выбрацца адтуль…
І гэта не толькі пра Сухарава. Такая атмасфера паціху дабіраецца да ўсіх куточкаў горада. Стэрыльнасць змывае ўсё, пакідаючы толькі штучныя Зыбіцкія, каб было што паказваць замежнікам і каб было месца для новай мясцовай шляхты — айцішнікаў. Спробы выправіць сітуацыю былі, але яны рэдка даходзяць да канца, як тая ж Кастрычніцкая, дзе пасля “Вуліцы Бразіл” засталіся толькі некалькі бараў і графіці. Крута, але што там рабіць — піва ці кавы папіць? Дзе тусоўкі і крэатыўныя івэнты? Канцэрты каля ратушы? А гэтага дастаткова для амаль 2-мільённага горада? Гастрафэсты і некалькі дарагаватых фэстаў іншай тэматыкі за год? А што ў астатнія дні рабіць? Чым жыць?

Мінск робіцца горадам стэрыльнага мэйкапу, дзе ініцыятыва паступова знішчаецца. Для паказухі і піяру, напрыклад, даюць маляваць графіці сусветнага ўзроўню, а потым… Жоўтая сцяна. Трэба тусоўка? Будуецца асобная вуліца — дазволенае гета: пакідаеш яго — і свабода заканчваецца. І тое нават гэта выбіваюць з боем. Пры гэтым нехта з муніцыпалітэта сапраўды лічыць, што гэта ўсё мае велізарны турыстычны патэнцыял, таму палову горада можна аддаць пад гатэлі — за кошт гістарычных помнікаў, зразумела.

Дык што тут можна любіць?
Старыя шэрыя будынкі? Адсутнасць нейкага альтэрнатыўнага жыцця і адчуванне сябе нібы за кратамі? Ці галоўнае — жоўты фетышызм, як вазы каля парка Купалы? Знесеная спадчына і назвы вуліц камуністаў, што праводзілі рэпрэсіі ў дачыненні да беларусаў? Пустыя безгустоўныя гатэлі і гандлёвыя цэнтры? Ці закінутыя двары і жудасная інфраструктура? Дзе тут крутасць, драйв і паказчык, што Мінск — рэал сталіца? На жаль, толькі памерамі можа ганарыцца — аднымі з найбольшых у Еўропе.
А за што любіць… За краму “Логвінаў” і галерэю “Ў”. Фестываль “Пясочніца” стаў сапраўдным глытком паветра ў цэнтры пасля бясконцага маўчання, але, на жаль, гэта хутка скончыцца. У прынцыпе, можна яшчэ даць шанец Кастрычніцкай і спадзявацца, што яна яшчэ дарасце да патрэбнага ўзроўню. Таксама варта любіць парк 50-годдзя перамогі, бо гэта да сёння прыгожы і спакойны кавалак горада, дзе можна як проста прайсціся, так і зладзіць начное спатканне пад зорамі і святлом прыгожых ліхтароў… Вядома, што ёсць яшчэ некалькі месцаў, якія назаўсёды ўбіваюцца ў памяць чалавека з-пад Мінска, але іх мала, вельмі мала для такога вялікага мегаполіса.
Але галоўная праблема — што няма мясцовай самаідэнтыфікацыі. Ну сапраўды, у чым асаблівасць мінчукоў? Ці цягне пражыванне ў сталіцы на частку самаідэнтыфікацыі? На жаль, не. Гэта проста горад, дзе больш магчымасцяў. Вялікі, раздзьмуты, з самымі высокімі сярэднімі заробкамі ў краіне і дзе можна неяк знайсці нармальную працу. Але ганарыцца, мець сваю асаблівасць…. Мінск гэта страціў. Не ведаю, як з іншымі гарадамі краіны, можа, там лепш.

Мінск мы амаль страцілі, але ёсць яшчэ шанец хаця б абараніць тое малое, што тут засталося. Той жа гарадок на Трактарным яшчэ ёсць шанец абараніць. Двары можна ператварыць у казку, а хрушчоўкі — у адносна сучасныя і прывабныя дамы. Вопыт замежны ўжо ёсць. Навабуды некаторыя можна проста знесці, а вуліцы — пераназваць. Дадаць больш магчымасцяў для рознага мастацтва і тусовак у горадзе. Карацей, змяніць горад можна, але хто за гэта возьмецца? Можа ты, чытач?


Не пляваць на Мінск? Пачні з сябе, свайго пад’езда, двара і раёна. А далей справа ў яднанні, якое мы рана ці позна павінныя спасцігнуць, калі хочам зрабіць казкай і цукеркай не толькі Мінск, але і ўсе астатнія сотні гарадоў і мястэчак. Усё ў нашых руках!
 Багдан Сакалоў, budzma.by