Чыноўнікі і міліцыя зачынілі легендарную галерэю «Крыга» ў Гродне
Супрацоўнікі ЖРЭУ, ЖЭСа ды МУС без папярэджанняў паставілі ўладальніка мастацкай галерэі перад фактам: дамова аб арэндзе скасоўваецца нібыта праз незаконную перапланіроўку. Памяшканне мае быць вызваленае, а «Крыга» спыняе сваё існаванне.
Прыкладна а 10-й гадзіне ранку Юрасю Мацко, вядомаму кавалю, мастаку і ўладальніку галерэі, патэлефанавалі чыноўнікі ды папярэдзілі пра свой хуткі візіт. Ужо а другой гадзіне ў «Крызе» была цэлая дэлегацыя з супрацоўнікаў ЖРЭУ ды ЖЭСу ў суправаджэнні міліцыі. Так Мацко паведамілі пра скасаванне арэнды, фактычна высяленне галерэі.
Што стала падставай? Фармальна чыноўнікі дачапіліся да факту нібыта незаконнай перапланіроўкі, праведзенай сп.Юрасём. Але тут ёсць некалькі нестыковак:
«Па-першае, перапланіроўка была касметычнай і не закранала ані будынка, ані суседзяў, — тлумачыць Мацко. — Па-другое, па гэтым факце ўжо быў суд і штраф, які я аплаціў ды лічыў канфлікт вычарпаным. Па-трэцяе, мне меліся паведаміць пра неабходнасць выпраўлення маёй «перапланіроўкі», і толькі ў выпадку, калі я яе не зраблю, — рухаць справу далей. Такога не было».
Больш за тое, ніякага папярэджання пра такі радыкальны крок не было. Чыноўнікі, праўда, спасылаліся на нейкі афіцыйны ліст, высланы Мацко яшчэ ў мінулым месяцы, але, паводле сп. Юрася, яму нічога не прыходзіла. Дый чыноўнікі ніякага цэтліка з пошты аб высылцы ліста прад’явіць не змаглі.
«Уся гэтая гісторыя з перапланіроўкай — толькі зачэпка, — лічыць Мацко, — Насамрэч, магчыма, памяшканне хочуць прадаць ці здаць некаму іншаму на іншых умовах. Магчыма, камусьці муляе вока выставачная дзейнасць альбо праца «Цэнтру гарадскога жыцця», які месціцца тут жа».
Зрэшты, «Цэнтр гарадскога жыцця» не пацярпеў — да ягоных плошчаў прэтэнзіяў няма. Хоць акурат да яго актыўнасці ва ўладаў маглі быць прэтэнзіі. Нядаўна тут праходзіла прэзентацыя «Спісу Івашына», прысвечанага беларускім сілавікам з «расійскімі сувязямі». Тут жа праходзіла лекцыя расійскага філосафа-анархіста Рабава, якая скончылася для слухачоў у пастарунку міліцыі.
Чым скончыцца гісторыя з «Крыгай», пакуль не вядома: Юрась Мацко не каментуе магчымасцяў абскарджваць рашэнне гарадскіх уладаў. Разам з тым, у інтэрнэце ўжо пішуць пра «наступ на беларускія пляцоўкі па ўсёй краіне», маючы на ўвазе таксама нядаўнюю гісторыю з закрыццём «ЦЭХу» ў Мінску.