«Чысценька і дагледжана» — цяпер у мінулым. Як Мінск ператварыўся ў крымінальную сталіцу Усходняй Еўропы

Пачатак года — час для агляду традыцыйнага рэйтынгу Numbeo, у якім прааналізаваны мноства фактараў, што паўплываюць на агульны ўзровень бяспекі ў еўрапейскіх гарадах. Сёлета беларуская сталіца апынулася ў флагманах па прыведзеных крытэрыях — і, галоўнае, гэта пацвярджаюць людзі.

Ілюстрацыйная выява, створана з дапамогай штучнага інтэлекту

Ілюстрацыйная выява, створана з дапамогай штучнага інтэлекту


Коратка пра тое, як Numbeo атрымлівае даныя

Ініцыятыва Numbeo штогод складае рэйтынг гарадоў па параметрах індэксу злачыннасці і бяспекі. Для стварэння аб’ектыўнага топу аналізуюцца дадзеныя, што прадастаўляюцца ўсемагчымымі арганізацыямі, валанцёрамі, праваабарончымі цэнтрамі, афіцыйнымі прадстаўнікамі дзяржавы. Таксама ўлічваюцца і адказы наведвальнікаў сайта, якія могуць дзяліцца сваім досведам ды агульнымі ўражаннямі ад горада. Кожнаму запісу ў апытанні прысвойваецца нумар у дыяпазоне ад -2 да +2, дзе -2 азначае моцна негатыўнае ўспрыманне, а +2 — моцна пазітыўнае.

У выніку атрымліваецца рэйтынг гарадоў, які ўключае ў сябе ўсе дзяржавы Еўропы і так званую «матэрыковую еўрапейскую» частку Расіі. Пасля антычарт дадаткова падзяляецца на заходні, паўднёвы, паўночны і ўсходні рэгіёны. 

Якія вынікі?

У абноўленым топе па Усходняй Еўропе на пачатак 2024 года беларуская сталіца заняла трэцяе месца сярод 30 намінантаў, што трапілі ў спіс. На флагманскую пазіцыю паўплывалі такія фактары небяспекі, як колькасць маёмасных і гвалтоўных злачынстваў, дыскрымінацыя, агульнае адчуванне бяспекі падчас прагулак днём і ноччу, а таксама рэцэнзіі жыхароў і наведвальнікаў горада.

Рэйтынг Numbeo: Усходняя Еўропа. Люты 2024 

Рэйтынг Numbeo: Усходняя Еўропа. Люты 2024 

Так, паводле крытэрыяў Numbeo, Мінск мае жахлівыя паказчыкі ў канцэнтрацыі рабаванняў, мелкіх хуліганстваў, крадзяжоў аўтамабіляў і асабістай маёмасці, фізічных нападаў з боку незнаёмцаў. Адзначаецца пераслед сілавымі структурамі і дзяржаўнымі органамі ў грамадскіх месцах ды прыватнай уласнасці, адсутнасць свабоды слова, буйная дыскрымінацыя па этнічнай прыналежнасці, палітычных перакананнях, поле, рэлігіі, колеру скуры, сексуальнай арыентацыі. Сталіца мае дрэнныя паказчыкі па ўзломах, крадзяжах, вандалізме. Таксама павялічваецца колькасць нападаў, забойстваў, сексуальных згвалтаванняў і злачынстваў. Найбольшую ролю адыграў, безумоўна, досвед карыстальнікаў сайта, якія лічаць горад найбольш небяспечным месцам Еўропы.

Мапа Numbeo: Усходняя Еўропа. Люты 2024 

Мапа Numbeo: Усходняя Еўропа. Люты 2024 

Падаецца, трэцяе месца — не так ужо крытычна?

Па-першае, варта ўлічваць тое, што лідуючыя пазіцыі занялі абласныя гарады з насельніцтвам менш за мільён чалавек, у той час як Мінск — сталіца дзяржавы, якая калісьці асацыявалася з дагледжанасцю і бяспекай.

Па-другое, гэта ўкраінскія Адэса ды Дняпро, што знаходзяцца ў ваюючай краіне, пры чым першы — у 56 кіламетрах ад акупаванай Кінбурнскай касы, а другі — у 97 кіламетрах ад «нуля» на Запарожскім напрамку. І так, відавочна мінчукам не прыходзіцца штодзень адбіваць тэрарыстычныя атакі «Калібраў» ды «Шахедаў», хавацца ў сховішчах, рызыкаваць жыццём, выходзячы на вуліцу за хлебам і нават спячы ва ўласнай кватэры.

Чацвёртае і пятае месца сёлета прысудзілі румынскай Канстанце і, адпаведна, украінскаму Харкаву. Нагадаем, апошні да восеньскага контрнаступу 2022 года знаходзіўся ў 0 кіламетрах ад «нуля» (лінія фронту праходзіла ля раёна Паўночная Салтаўка), а таксама яго захоп з’яўляецца адной з ключавых мэтаў расійскіх тэрарыстаў. Дзякуючы аддаленасці ад фронту і палепшанай сістэме супрацьпаветранай абароны Кіеў трапіў на восьмае месца, польскі Лодзь размясціўся на 10 пазіцыі, Львоў — на 13. Гарныя пазіцыі занялі нашыя суседзі, сярод якіх Варшава, Вільня, Познань, Кракаў ды Уроцлаў.

Што да краіны-агрэсаркі, Маскве прысудзілі 14 месца, Санкт-Пецярбургу — 12, Навасібірску (як ён адносіцца да Еўропы, невядома) — 7 месца, без прылётаў крылатых ракет і беспілотнікаў!

У агульным спісе ўсіх дзяржаў Еўропы Мінск трапляе на 21 радок і суседнічае з гарадамі, якія жорстка пакутуюць ад беспарадкаў і злачынстваў з боку мігрантаў азіяцкага ды афрыканскага паходжання: ірландскі Дублін, італьянскія Мілан, Турын і іншыя. 

А як было раней?

У артыкуле аднаго з мінскіх музеяў ад 2019 года ганарліва адзначаецца, што, паводле гэтай жа ініцыятывы, Мінск з’яўляецца ледзь не адным з найбольш бяспечных месцаў свету і займае аж 292 месца. Як бы сюррэалістычна гэта не гучала сёння, але такі паказчык сапраўды рабіў нашу сталіцу самым бяспечным горадам на постсавецкай прасторы. І нават у рэйтынгу ад 2020 года беларуская сталіца не ўваходзіць у злашчасную трыццатку…

Захоп улады, рэпрэсіі супраць палітычных, грамадскіх і культурных дзеячаў, стварэнне абсалютна аўтарытарнай паліцэйскай дзяржавы, знішчэнне свабоды слова, талерантнасці, паняцця чалавечай годнасці і магчымасці выйсці на шпацыр па цэнтры горада, не рызыкуючы сваёй бяспекай на роўным месцы, сталі жахлівым зыходам, які мы маем цяпер.