Чысткі ў Магілёўскім універсітэце: трох беларускамоўных выкладчыкаў вымусілі звольніцца
Усе трое яшчэ год таму віселі на дошцы гонару ВНУ, а цяпер аказаліся непатрэбнымі.
![ahiejeu_kjloi.jpeg ahiejeu_kjloi.jpeg](/img/v1/images/ahiejeu_kjloi.jpeg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
«Я быў змушаны напісаць заяву па ўласным жаданні, інакш мяне б звольнілі па артыкуле аб недастатковай кваліфікацыі», — распавёў «Нашай Ніве» прафесар кафедры археалогіі і гісторыі Беларусі Аляксандр Агееў, які працаваў у ВНУ з 1991 года.
Агееў — вядомы ў Магілёве чалавек. Прычым вядомы не толькі
як выкладчык, ён удзельнічаў і ў грамадска-палітычным жыцці краіны, быў у
шэрагах БНФ і ТБМ. У 2003 і 2007 гадах абіраўся дэпутатам у Магілёўскі
гарсавет. Уваходзіў у тапанімічную камісію пры гарвыканкаме. Выдаваў альманах
«Магілёўская даўніна», а таксама сумесна з Алегам Трусавым напісаў кнігу
«Магілёўская ратуша». Такіх знаўцаў гісторыі Магілёва не так шмат, але ў
далейшым супрацоўніцтве ўніверсітэт больш не зацікаўлены, пры тым што ёсць
недахоп кадраў.
Справа ў тым, што ў Магілёўскім дзяржаўным універсітэце імя
Куляшова нядаўна працавала атэстацыйная камісія, яна скончыла работу 31 мая. Па
яе выніках некаторым з супрацоўнікаў і было прапанавана звольніцца.
«Рашэнне прымаецца «калектыўным рэктарам», — смяецца
Аляксандр Агееў. — Сам рэктар кажа, што не можа не давяраць высновам
атэстацыйнай камісіі, у працы якой ён не браў удзелу».
Рэктар МДУ — вядомы гісторык і археолаг Дзяніс Дук, вучань
Георгія Штыхава і Сяргея Тарасава. Калісьці Лукашэнка называў кнігу Дука і
Вольгі Ляўко «здаровым нацыяналізмам».
Па звестках «Нашай Нівы», у час працы атэстацыйная камісія
засяроджвалася не столькі на прафесійнай дзейнасці выкладчыкаў, як на тым, што
яны пісалі ў сацыяльных сетках ці як выказваліся публічна. На гэтай падставе і
выносіліся рашэнні.
«Смяёмся: яшчэ нядаўна ўсе трое віселі на дошцы гонару, а
Шаруха дык на самай важнай дошцы гонару ўніверсітэта, а цяпер непатрэбныя», —
кажа Агееў.
![sharucha_98wn0.jpeg sharucha_98wn0.jpeg](/img/v1/images/sharucha_98wn0.jpeg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Ігар Шаруха — прафесар кафедры прыродазнаўства, нейкі час пабыў і дэканам. Ён ва ўніверсітэце ад 1993 года. Яго лічаць ці не найлепшым географам Магілёва. Шаруха ўзначальвае абласное аддзяленне Беларускага геаграфічнага таварыства. Меў шматлікія граматы-падзякі ад Міністэрства адукацыі.
![2021_06_10150547_mfn2f.jpg 2021_06_10150547_mfn2f.jpg](/img/v1/images/2021_06_10150547_mfn2f.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Трэцім выкладчыкам, які быў вымушаны сысці з МДУ, стаў дацэнт кафедры літаратуры і міжкультурных камунікацый Віталь Еўмянькоў. ВНУ Еўмянькоў аддаў 21 год працы.
«Шчыра кажучы, шкада. Шкада ўніверсітэт, шкада студэнтаў», —
напісаў у фэйсбуку Еўмянькоў.
Усе трое — гэта беларускамоўныя выкладчыкі. Агееў кажа, што
пэўныя прапановы аб працы ўжо маюцца. «Людзі падзяліліся: хтосьці мне спачувае,
а хтосьці, наадварот, віншуе», — кажа ён.