Да Мікалая Статкевіча даходзяць не ўсе лісты з волі
Да Мікалая Статкевіча даходзяць не ўсе лісты з волі, паведаміў палітвязень у сваім лісце да бялыніцкага журналіста Барыса Вырвіча, які ён атрымаў 6 снежня.
Па словах Барыса Вырвіча, Мікалай Статкевіч напісаў яму, што не атрымліваў ад журналіста лістоў ужо некалькі месяцаў, “ды і не толькі вашых”, хаця спадар Вырвіч кожны месяц дасылаў палітвязню ліст альбо паштоўку з апошнімі навінамі з жыцця дэмакратычных сіл Магілёўшчыны. Мікалай Статкевіч піша, што “толькі лісты ад сваякоў больш-менш даходзілі, бо там мажлівы кантроль. Я пішу, напрыклад, бацьку і жонцы па пэўных днях тыдня і паведамляю, якія іхнія лісты атрымаў”.
Палітвязень паведаміў журналісту, што яго павінны перавесці ў калонію 12 студзеня наступнага года.
“Дарэчы, у калонію мяне сапраўды павінны перавесці. Гэта павінна будзе адбыцца 12 студзеня наступнага года, калі скончацца тры гады турэмнага рэжыму, да якіх мяне прысудзілі. Тут мелі права пры адсутнасці спагнанняў вярнуць мяне ў калонію і праз 1,5 гады, але ж гэта не для “палітычных”. З калоніі могуць вярнуць ізноў сюды, але маёй пазіцыі гэта не зменіць”, — напісаў Мікалай Статкевіч.