Дабрачынцы + Velcom + Аліна Талай = новы будынак дзіцячага хоспісу

Каб да канца бягучага года з’явіўся новы будынак дзіцячага хоспісу ў вёсцы Бараўляны, трэба тэрмінова сабраць 400 тысяч долараў. Пра гэта 26 жніўня ў Мінску паведамілі ўдзельнікі прэсавай канферэнцыі, якая адбылася ў штаб-кватэры кампаніі «Velcom».



bdch_1_logo.jpg

Удзельнікі прэсавай канферэнцыі.

Новы будынак павінен стаць буйнейшай структурай дзіцячай паліятыўнай дапамогі ў Беларусі.

Дзеля таго, каб аблягчыць жыццё хлопчыкаў і дзяўчынак, якія пакутуюць ад невылечных захворванняў, забяспечыць ім прыстойную медычную і псіхалагічную дапамогу, а таксама падтрымаць іх сямейнікаў, у комплексе мяркуецца стварыць усе неабходныя ўмовы для таго, каб дзеці прайшлі спецыяльны курс лячэння, а іхнія бацькі змаглі атрымаць часовую перадышку і троху адпачыць.

Вось чаму ў новым будынку прадугледжаны шэраг асаблівасцяў. Напрыклад, у кожнай з 10 палат плошчай 20 квадратных метраў, вокны якіх выходзяць выключна на сонечны бок, будзе пражываць толькі адно дзіця; архітэктары адмовіліся ад калідорнай сістэмы памяшканняў; замест пакояў для гульні будуць гульнявыя зоны; на кожныя дзве палаты прадугледжаны асобны санітарны вузел; для ляжачых пацыентаў запланаваныя спецыяльныя ліфты і столевыя пад’ёмнікі; комплекс будзе забяспечаны ўсім неабходным сучасным медычным абсталяваннем.

Каб сабраць сродкі, апякунская рада грамадскага дабрачыннага аб’яднання «Беларускі дзіцячы хоспіс» арганізавала шэраг тэлемарафонаў, атрымала падтрымку ад дзяржавы і шэрагу прыватных кампаній («А-100» і «Серволюкс»). Паколькі было сабрана 80 адсоткаў неабходных грошай, апякунская рада звярнулася да кампаніі «Velcom», якая выказала гатоўнасць не толькі фінансава падтрымаць будаўніцтва, але і дзейна дапамагчы ў зборы тых 400 тысяч долараў, якіх нестае для завяршэння ўзвядзення комплексу.

bdh_2_logo.jpg

Выступае Вячаслаў Смірноў

 «Velcom» прапанаваў сваім абанентам накіраваць «смс дапамогі» з хэштэгам #velcombegon ці патэлефанаваць на кароткі нумар 2015, тым самым ахвяраваўшы ў фонд будаўніцтва 10 тысяч рублёў. 26 жніўня пра пачатак прыёму ахвяраванняў заявіла амбасадар дабра кампаніі «Velcom», выбітная беларуская спрынтарка, чэмпіёнка Еўропы Аліна Талай. Свой заклік да беларусаў знакамітая бягуння агучыла праз анлайн-трансляцыю з Пекіна, дзе зараз адбываецца чэмпіянат свету па лёгкай атлетыцы.

bdh_3_logo.jpg

Аліна Талай звяртаецца да беларусаў з Пекіна

Апроч таго, Аліна Талай разам з кампаніяй «Velcom» правядуць 6 верасня ў Мінску каля цэнтральнага ўваходу ў сталічны Парк Перамогі дабрачынны дзіцячы забег #velcombegom на адлегласць ад 50 да 150 метраў, у якім змогуць стартаваць усе жадаючыя хлопчыкі і дзяўчынкі ва ўзросце ад 4 да 12 гадоў. За ўдзел у гэтым забегу кожнага юнага спрынтэра «Velcom» пералічыць 150 тысяч рублёў на будаўніцтва хоспісу. Між іншым, Аліна Талай пазнаёміць дзяцей з элементамі рухомай зарадкі, адмыслова распрацаванай знакамітай бягунняй, а пераможцам забегаў «Velcom» рыхтуе кубкі і медалі. Для рэалізацыі гэтага праекту ў Парку Перамогі 23 жніўня адчынілася мабільная дзіцячая пляцоўка #velcombegom, якая будзе працаваць усе выходныя верасня.

bdh_4_logo.jpg

 Распавядае Ганна Гарчакова

Дырэктар «Беларускага дзіцячага хоспісу» Ганна Гарчакова выказала падзяку ўсім дабрадзеям, хто падтрымаў будаўніцтва новага комплексу для невылечна хворых дзетак, а таксама надзею на тое, што будынак будзе ўзведзены да канца бягучага года.

Фота Марата Гаравога