Дапамагчы дзецям з анкалогіяй: у Мінску адбыўся дабрачынны паказ дзіцячага адзення
Змяніць стаўленне да дзяцей з цяжкімі захворваннямі, паказаць, што яны могуць нароўні вучыцца і працаваць з усімі астатнімі. Такую амбітную мэту ставіць сабе модны праект «Kids Fashion Zone». Распавядае Белсат.
У Мінску прайшоў паказ дзіцячага адзення беларускіх дызайнераў, прымеркаваны да Сусветнага дня барацьбы супраць раку і Міжнароднага дня дзяцей, хворых на рак.
«Нашая мэта – сабраць сродкі для дзетак, якім на гэты момант востра неабходнае дарагое лячэнне. Я спадзяюся, што агульнымі сіламі мы гэтай мэты дасягнулі. 18 дызайнераў і гандлёвых марак Рэспублікі Беларусь сабралася сёння на нашай пляцоўцы, 450 мадэляў, некалькі мадэльных агенцтваў, вельмі вялікі атрымаўся праект», – кажа Арганізатарка праекту «Kids Fashion Zone» Марыя Жураўлёва.
Фармат інклюзіўны: у паказе бяруць удзел разам навучэнцы мадэльных агенцтваў, дзеці з анкалагічнымі захворваннямі і дзеці артыстаў беларускай эстрады. На дзяцей не вешаюць ніякіх абазначэнняў або цэтлікаў, на подыуме ўсе роўныя. Выступоўцы прыехалі з усёй Беларусі.
Удзельнікі паказу моды:
«Мне падабаецца, ездзім у Мінск, выступаем на сцэнах, робяць макіяж».
«Страх. Баюся вельмі, калі шмат людзей глядзяць. Але люблю».
«Мне падабаецца, калі на мяне глядзяць людзі і мной захапляюцца».
Праект дабрачынны. Усе сабраныя сродкі будуць пералічаныя на лячэнне і рэабілітацыю дзяцей.