Дар’я Лосік не атрымлівае лістоў ад мужа. Палітвязень Ігар Лосік за кратамі 281 дзень
Палітвязень Ігар Лосік за кратамі з 25 чэрвеня 2020 года — 281 дзень. Тыдзень таму ён пачаў знаёміцца з матэрыяламі абвінавачання. Жонка Ігара Дар’я Лосік расказала «Свабодзе» пра апошнія навіны ад мужа.
«Учора Ігар атрымаў дзесяць лістоў, але мае яму па-ранейшаму не даходзяць, — кажа Дар’я. — Апошні быў на пачатку сакавіка, 8 чысла. Я ад яго таксама не атрымала. Зараз Ігар працягвае знаёміцца з матэрыяламі справы, разам з адвакатам. Як шмат яны ўжо вывучылі, не магу сказаць, не ведаю гэтага. На здароўе Ігар не скардзіцца. Перадачы яму прымаюць без пытанняў. Я перадала і прадукты, і абутак вясновы таксама».
Новае, трэцяе абвінавачанне Ігару Лосіку прад’явілі 11 сакавіка. На знак пратэсту Ігар пашкодзіў сабе запясце на вачах у адваката і следчага, а таксама абвясціў сухую галадоўку. За гэта Лосіка змясцілі ў карцар следчай турмы Жодзіна. Там ён прабыў пяць дзён, чатыры з якіх трымаў сухую галадоўку.
Па якім артыкуле Лосіку выставілі новыя абвінавачанні, невядома. Яго адвакат Дзмітрый Лепрэтар — пад падпіскай аб неразгалошванні.
Ігара Лосіка затрымалі 25 чэрвеня 2020 года ў яго доме ў Баранавічах. У той жа дзень стала вядома, што ў дачыненні да Лосіка завялі крымінальную справу па арт. 342 — «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак». 15 снежня Ігару Лосіку прад’явілі новае абвінавачанне — па 293 артыкуле КК: «Падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках». У знак пратэсту Ігар Лосік абвясціў бестэрміновую галадоўку, адмаўляўся ад ежы 42 дні.