Дзень народзінаў за кратамі: павіншуйце палітвязня Віктара Куўшынава!

Сёння за кратамі сустракае свае 34-годдзе дырэктар па прадукту IT-кампаніі PandaDoc палітвязень Віктар Куўшынаў.

kuushynau.jpg


Ён быў затрыманы 2 верасня. У дзень затрымання Віктара ў мінскім офісе кампаніі PandaDoc, а таксама ў прыватных кватэрах некаторых яе супрацоўнікаў, адбыліся ператрусы, які праводзіліся супрацоўнікамі Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю.
Заснавальнік кампаніі PandaDoc Мікіта Мікада пасля падзеяў 6–11 жніўня запусціў ініцыятыву Protect Belarus для дапамогі супрацоўнікам сілавых ведамстваў, якія пазбавіліся працы з-за адмовы выконваць злачынныя загады. За гэты час ініцыятыва атрымала больш за 500 заявак на такую дапамогу, а некаторыя з такіх гісторый атрымалі шырокі грамадскі рэзананс.
11 верасня Віктару Куўшынаву было прад’яўлена абвінавачанне па ч. 4 арт. 209 КК (Махлярства, здзейсненае арганізаванай групай альбо ў асабліва буйным памеры).
«Новы Час» віншуе Віктара з Днём народзінаў! Жадаем моцы, вытрымкі, аптымізму, а самае галоўнае — хутчэй апынуцца на волі!
Адрас для лістоў: Следчая турма №8. 222163, г. Жодзіна, вул. Савецкая, 22А.