Давыдзька хоча, каб у школе з'явіўся прадмет аб «генацыдзе беларускага народа»
Кіраўнік «Белай Русі» і прапагандыст Генадзь Давыдзька лічыць, што ў школах неабходна ўвесці новы прадмет, падчас якога дзецям будуць расказваць аб «генацыдзе беларускага народа», піша «Еўрарадыё».
![5b3a3238b00df5f7e240dc45d0b8d715.jpg 5b3a3238b00df5f7e240dc45d0b8d715.jpg](/img/v1/images/5b3a3238b00df5f7e240dc45d0b8d715.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
«Калі дзеці эмацыйна ўспрымуць гэта, яны зразумеюць,
што такога дапускаць больш нельга. Яны зразумеюць, па якой дарозе пакут прайшлі
іх продкі, і гэтым трэба ганарыцца. І мы будзем гэтым ганарыцца», —
упэўнены Давыдзька.
На думку прапагандыста, усвядоміць «генацыд беларускага
народа» школьнікі змогуць праз мастацтва.
«Праз яркія эмацыйныя вобразы можна пранікнуць у сэрца
маладога чалавека. І тым самым выратаваць яго ад няведання, няверы і
няправільных дзеянняў у далейшым», — упэўнены Давыдзька.
Упершыню выраз «беларускі халакост» прагучаў з
вуснаў Аляксандра Лукашэнкі 3 ліпеня 2021 года на цырымоніі ўскладання вянкоў у
мемарыяльным комплексе «Курган Славы». Лукашэнка тады прыгадаў, што
габрэі змаглі даказаць «свой» Халакост на ўвесь свет, і цяпер усе
схіляюцца перад імі, і, маўляў, яны такія не адны.
У Ізраілі і ў заходніх габрэйскіх выданнях прамова Лукашэнкі
выклікала буру абурэння, а самога Лукашэнку ўжо не першы раз абвінавацілі ў
антысемітызме. А МЗС Ізраіля назвала выказванне беларускага кіраўніка
непрымальным.
Тым не менш ужо ў снежні 2021 года ў Беларусі з'явіўся закон «Аб генацыдзе беларускага народа». У ім улічваюцца злачынствы,
учыненыя нацыстамі, іх памагатымі і «нацыянальнымі фармаваннямі» ў перыяд з 22 чэрвеня 1941-га па 31 снежня 1951-га гадоў на тэрыторыі БССР. «Беларускі народ» у законе — гэта фактычна ўсе грамадзяне СССР, якія
знаходзіліся падчас вайны на тэрыторыі БССР. За адмаўленне факту «генацыду
беларускага народа» можна сесці ў турму на пяць гадоў, паўторна — на дзесяць.