Для асуджаых «за наркотыкі» амністыі не будзе
Законапраект аб амністыі знаходзіцца на апошняй стадыі прапрацоўкі, заявіў старшыня Следчага камітэта Беларусі Валянцін Шаеў падчас прыёму грамадзян у ААТ «Гомельтранснафта Дружба», паведамляе аддзел інфармацыі і сувязі з грамадскасцю СК.
«Усе ўдзельнікі распрацоўкі законапраекта выказаліся супраць амніставання асуджаных за збыт наркатычных сродкаў», — сказаў кіраўнік СК, якога цытуе БелаПАН.
Нагадаем, плануецца, што пад дзеянне закона трапяць прыблізна 8 тыс. асуджаных.
24 сакавіка прадстаўнікі МУС і Генеральнай пракуратуры заявілі аб тым, што праект закона аб амністыі паступіць у парламент не пазней за 16 красавіка. 2 красавіка кіраўнік МУС Ігар Шуневіч паведаміў, што дакумент будзе ўнесены ў Палату прадстаўнікоў у канцы красавіка — пачатку мая. «Пад дзеянне закона трапяць традыцыйныя катэгорыі па ўзросце, асобах, здароўі. Нічога асаблівага ў законе не будзе, нічога адрознага ад папярэдняга», — сказаў Шуневіч.
31 сакавіка ён заяўляў: «Наша прапанова падтрыманая, створаная рабочая група, якая займаецца вызначэннем пераліку асоб і артыкулаў Крымінальнага кодэкса, што трапляюць пад дзеянне амністыі. Гэты закон не будзе кардынальна адрознівацца ад папярэдняга. Адзінае выключэнне складуць тыя, хто ўчыніў злачынствы ў сферы незаконнага абароту наркотыкаў. Не думаю, што чарговая амністыя неяк ускладніць аператыўнае становішча».