Драма на паляванні
За бяскрыўдную навуковую працу ў Дзяржаўнай прыродаахоўнай установе “Заказнік рэспубліканскага значэння “Выганашчанскае выпускнік біяфака БДУ праз некалькі
месяцаў пасля размеркавання расплаціўся агнястрэльным раненнем. І асэнсаваннем таго, што дзе прырода, там і браканьеры, а дзе браканьеры, там і зброя.
Як гэта было
За бяскрыўдную навуковую працу ў Дзяржаўнай прыродаахоўнай установе “Заказнік рэспубліканскага значэння “Выганашчанскае выпускнік біяфака БДУ праз некалькі
месяцаў пасля размеркавання расплаціўся агнястрэльным раненнем. І асэнсаваннем таго, што дзе прырода, там і браканьеры, а дзе браканьеры, там і зброя.
Як гэта было
Вечарам 22 снежня ў наваколлях вёскі Выганашчы (Івацэвіцкі раён, Брэсцкая вобласць) з агнястрэльнай зброі быў цяжка паранены Мікалай Верабей. Мікалай скончыў біялагічны факультэт БДУ летам 2010 года,
кафедру экалогіі і методыкі выкладання біялогіі. У жніўні мінулага года прыехаў на працоўнае месца ў якасці вядучага спецыяліста ДПУ “Заказнік рэспубліканскага значэння
“Выганашчанскае.
Знаёмыя расказваюць, што хлопец хацеў практычнай працы, каб быць бліжэй да прыроды. Да ўсяго ў яго было захапленне — фотапаляванне, а праца ў заказніку давала багаты матэрыял для фотасправы.
Цікава, што здымкі-пераможцы фотаконкурсу грамадскай арганізацыі “Ахова птушак Бацькаўшчыны ў 2009 годзе Мікалай рабіў простым фотаапаратам класа “ультра-зум,
чым пацвердзіў, што не толькі тэхніка вызначае якасць здымку, але і веды біялогіі, звычак птушак і звяроў.
Падчас вячэрняга абходу фотаанімаліста Мікалая Вераб’я падстрэлілі ў прысутнасці двух сведак на тэрыторыі заказніка, у якім ён працаваў. Мікалай са сваім калегам знаходзіліся ў вёсцы
Выганашчы, калі пачулі стрэл. Па інструкцыях, яны мусілі высветліць, хто страляе на тэрыторыі заказніка. Зіма. Па слядах на снезе супрацоўнікі знайшлі ў 500 метрах ад дарогі аўтамабіль і сляды
чалавека. Вырашылі пачакаць у старонцы. Пастаялі хвілін 40–50, пабачылі чалавека са стрэльбай. Калега Мікалая выгукнуў: “Лясная ахова, спыніцеся. Той ускінуў стрэльбу, у
выніку Мікалай апынуўся на бальнічным ложку з прастрэленымі каленямі, пашкоджанымі суставамі, венамі, адстрэленым пальцам рукі. З-за вялікай страты крыві за жыццё хлопца некалькі дзён змагаліся
ўрачы, было некалькі аперацый. Цяпер Мікалай Верабей знаходзіцца ў Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры траўматалогіі і артапедыі.
Падлоўчы, які страляў у Мікалая, быў з Белавежскай пушчы. Двое яго калегаў у гэты час знаходзіліся непадалёк у хованцы. 23 снежня ў Івацэвіцкім РАУС была заведзеная крымінальная справа па артыкуле
147 Крымінальнага кодэкса (наўмыснае нанясенне цяжкіх цялесных пашкоджанняў). Падлоўчага затрымалі, а праз 72 гадзіны адпусцілі пад падпіску аб нявыездзе.
Усе адзін аднаго пакрываюць
Знаёмая Мікалая Вераб’я Таццяна (tazinka) напісала ў сваім блогу: “Як выявілася, там дзейнічае цэлая банда падлоўчых і браканьераў, усе адзін аднаго пакрываюць. Кіраўніцтва (улада)
свядома наймае на працу падлоўчымі тых, хто быў асуджаны за зладзейства, браканьерства, каб тыя забяспечвалі ім суправаджэнне на паляванні, калі тым трэба. Міліцыянты гавораць, што
падлоўчы, які страляў у Мікалая, характарызуецца станоўча, не п’е, не меў праблем з законам, мае сям’ю. Інцыдэнт адбыўся ў працоўны час, калі падлоўчы выконваў службовыя абавязкі,
ён мае дазвол на зброю.
Намеснік дырэктара “Белавежскай пушчы, як перадае “Еўрарадыё, сцвярджае, што ў іх не было выпадкаў, каб падлоўчыя арганізоўвалі паляванне для браканьераў або
заплюшчвалі на гэта вочы. “З ліку былых браканьераў атрымліваюцца лепшыя ахоўнікі. Яны добра ведаюць і звычкі браканьераў, і звычкі звера, ведаюць месцы, дзе звычайна парушэнні адбываюцца і
гэтак далей, — гаворыць службоўца.
Пакуль не думаю пра працу
Мікалай Верабей цяпер знаходзіцца ў шпіталі ў Мінску. Бліжэйшым часам да яго мусіць прыехаць следчы з Брэста, каб высвятляць акалічнасці здарэння.
— У маі мінулага года Выганашчанская паляўнічая гаспадарка была перададзеная ў апеку Белавежскай пушчы, пасля чаго супрацоўнікам заказніка фактычна забаранілі кантраляваць тэрыторыю. Былі
невялікія канфлікты з-за абмежаванняў нашага руху, стала праблематычна вадзіць турыстычныя групы. Яны — землекарыстальнікі, а мы работнікі ўстановы, што знаходзіцца на іх тэрыторыі. Але
вялікіх праблем не было.
— Якія ў вас прагнозы наконт таго, як вырашыцца справа?
— Пакуль следчы да мяне не прыязджаў, думаю, усё на пачатковай стадыі. Ведаю, што праводзілі следчыя эксперыменты на месцы, што займаецца гэтай справай следчы з Брэста. Гэты чалавек,
персанальна гэты, мусіць несці адказнасць за тое, што адбылося.
— Гавораць, што невыпадковы чалавек вас падстрэліў, былі неаднаразовыя факты браканьерства.
— Я адсочваў навіны пра браканьерства ў гэтым рэгіёне, і ведаю, што гэтыя людзі фігуравалі ў некалькіх зводках. Я не знаёмы асабіста з падлоўчым. Так, мы яго гукнулі, ён ведаў, што там
людзі. Магчыма, думаў, што адзін чалавек, і хацеў пазбавіцца ад сведкі, думаў забіць. А можа, вырашыў папалохаць і стрэліць па нагах. Там напраўду былі сляды крыві, ён параніў дзіка. Кажуць, што і
тушу пазней у тым месцы знайшлі.
— То бок браканьерства мае месца ў тых мясцінах?
— Так. Мяркую, што яно пакрываецца зверху, на ўзроўні лясгасаў, паляўнічых гаспадарак. Чаму так? Ёсць спажыва, матэрыяльная зацікаўленасць, грошы.
— Як вы пачуваецеся, ці не плануеце змяніць сферу дзейнасці?
— Больш-менш. Часам, праўда, бываюць болі. Яшчэ будуць аперацыі. Дактары гавораць, што на рэабілітацыю спатрэбіцца каля года, таму я пакуль не думаю пра працу.
------------------------------------------------------------------------------------------------------
У Нарачанскім парку ў пачатку студзеня падстрэлілі буйнога расійскага бізнэсмэна. З заявай аб здарэнні падчас дазволенага калектыўнага палявання на дзіка ў Мядзельскі РАУС звярнуўся старэйшы
падлоўчы парку. Па словах заяўніка, адзін з паляўнічых атрымаў агнястрэльнае раненне сківіцы. Здарылася гэта раніцай 11 студзеня ў лесе паблізу вёскі Нарач.
Адзін з паляўнічых — генеральны дырэктар санкт-пецярбургскага ЗАТ “Ніка — страляў па дзіку. Аднак куля адскочыла, магчыма, ад дрэва, змяніла траекторыю і
патрапіла ў сківіцу гендырэктара аднаго з філіялаў ААТ “Расійскія чыгункі.
Пацярпелага з аскепкавым пераломам ніжняй сківіцы даставілі ў мясцовую лякарню. Усё акалічнасці здарэння будуць высвятляцца падчас праверак. З месца здарэння забралі зарэгістраваную паляўнічую
стрэльбу ТОЗ-34Р, 4 патрона і 14 ладункаў (гільз).
------------------------------------------------------------------------------------------------------
Парушэнняў не выяўлена
Пра тое, што ў Беларусь замежнікі ездзяць на паляванне, плацяць вялікія грошы за такі від забавы, — вядома. Супрацоўнікі прыродаахоўных арганізацый гавораць, што не заўсёды госці
дзейнічаюць у межах закона.
Так, грамадская арганізацыя “Ахова птушак Бацькаўшчыны прыводзіць прыклад, калі летась у ваколіцах Турава італьянскія паляўнічыя на электронны манок падзывалі качак, у той час як
паляванне было дазволеная толькі на гусакоў. Сябры АПБ патэлефанавалі на “гарачую лінію Інспекцыі па ахове жывёльнага і расліннага свету пры прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.
Інспектары паведамілі, што паляванне на левым беразе ракі Прыпяць вядзецца на арандаваных паляўнічых тэрыторыях ДПУ «Нацыянальны парк «Прыпяцкі» ў рамках тура для замежных
паляўнічых. Але інспектары ўсё ж прыехалі да месца здарэння, у чаўнах знайшлі муляжы качак, але забітых птушак не было. Пры тым, што было зроблена каля дзвюх соцень стрэлаў. Пасля прафілактычнай
гутаркі з інспектарамі, замежныя паляўнічыя і падлоўчы ДПУ «НП «Прыпяцкі» былі адпушчаныя без пратаколаў.
Тое, што два прафесійных паляўнічых, расстраляўшы як мінімум па сто патронаў на чалавека, так і не змаглі здабыць ніводнай птушкі, з’яўляецца малаверагодным. Таму адразу ж пасля гэтага было
праведзена абследаванне месца размяшчэння схованкі, з якой вялося замежныя паляванне. Ужо пры збеглым аглядзе месца былі выяўленыя тушкі свіязі. Па факце выяўлення мёртвых птушак спецыялісты АПБ,
якія праводзілі агляд месца палявання, непасрэдна з месца здзяйснення парушэння паведамілі па тэлефоне ў Тураўскую міжраённую інспекцыю, зрабілі фотафіксацыю факту браканьерства, склалі адпаведны
акт.
Але пазней з Дзяржаўнай інспекцыі па ахове жывёльнага і расліннага свету на зварот ад АПБ прыйшоў адказ, што «дакументальнага, у адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам, пацверджання фактаў
парушэнняў Правілаў вядзення паляўнічай гаспадаркі і палявання не выяўлена.