Два гады «хіміі» — за тое, што выйшаў на дарогу і «дзейнічаў з выкарыстаннем рупара»
3 траўня суд Першамайскага раёна Мінска вынес прысуд 18-гадоваму Мацвею Будніцкаму. Яго прызналі вінаватым паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса і асудзілі да двух гадоў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу — «хіміі»: менавіта такое пакаранне і прасіў пракурор. Пазоў на карысць «Мінсктранса» (каля 18 тысяч рублёў) вылучаны ў асобную грамадзянскую вытворчасць.
Мацвей — 18-гадовы студэнт трэцяга курса Мінскага каледжа прадпрымальніцтва, працуе экспедытарам. Падчас папярэдняга следства не знаходзіўся пад вартай.
Справу разгледзела суддзя Настасся Кулік, пракурор — Зубко. Адвакат — Захар Ладуцька.
Мацвея Будніцкага прызналі вінаватым у тым, што 4 кастрычніка на праспектах Машэрава і Пераможцаў, а таксама вуліцах Прытыцкага, Любімага, Сурганава, Кальварыйскай і Прылуцкай прыняў актыўны ўдзел у масавым мерапрыемстве. Ён быў спалучаны з відавочным непадпарадкаваннем супрацоўнікам міліцыі, гучнымі воплескамі рукамі. Мацвей «дзейнічаў сумесна і ўзгоднена ў групавых дзеяннях, з выкарыстаннем рупара» — згодна з абвінавачаннем, гэта пацягнула за сабой парушэнне працы транспарту і прадпрыемстваў. На Сурганава абвінавачаны таксама выйшаў на праезную частку: гэтыя дзеянні прыпынілі работу грамадскага транспарту.
«Я ўсведамляю, што аступіўся і прызнаю віну, — сказаў Мацвей у апошнім слове. — Я пачаў шанаваць кожнае імгненне і ўдзячны за падтрымку бацькам і братам. Прашу не пазбаўляць мяне магчымасці заставацца карысным грамадству, я ўдзельнічаю ў валанцёрскіх праектах і хачу далей працягнуць гэта рабіць. Прашу даць мне магчымасць скончыць навучанне: не абмяжоўваць мне свабоду і прызначыць штраф».
spring96.org