Два месяцы арышту — за надпісы на асфальце

Магілёўца асудзілі на 2 месяцы арышту за палітычныя надпісы на асфальце.

Палітычныя графіці ў Магілёве. Ілюстрацыйнае фота «Свабоды»

Палітычныя графіці ў Магілёве. Ілюстрацыйнае фота «Свабоды»

У судзе Ленінскага раёна Магілёва вынесены прысуд 18-гадоваму Сяргею Турунову, якога прызналі вінаватым у псаванні маёмасці і нанясенні шкоды дарожна-маставому прадпрыемству на суму 56 рублёў 73 капейкі.  

Хлопец у адным са спальных раёнаў горада ў разгар леташніх пратэстаў напісаў фарбай на асфальтавым пакрыцці і лесвіцы лічбы «З%» і «80%».

У яго дзеяннях угледзелі злачынства і абвінавацілі ў парушэнні арт. 341 Крымінальнага кодэкса («Апаганьванне і псаванне маёмасці»), паведамляе «Радыё Свабода».

11 сакавіка суддзя Аксана Ратнікава ў судзе Ленінскага раёна Магілёва пастанавіла пакараць Турунова 2 месяцамі арышту і прысудзіла выплаціць шкоду камунальнаму прадпрыемству. Цягам 10 дзён абвінавачаны мае права абскардзіць прысуд, што ён і будзе рабіць.

Сваю віну Турунаў прызнаў і раскаяўся, разам з тым, не пагадзіўся, што распісваў ходнікі з групай асоб. Паводле яго, надпісамі ён выказваў нязгоду з вынікамі прэзідэнцкіх выбараў. Адвакатка прасіла суд аб паблажцы падабароннаму, зазначыўшы, што ён пакутуе ад псіхічнага расстройства.

Дзяржаўнае абвінавачанне прасіла асудзіць Турунова на 3 месяцы арышту. Пракурорка адзначыла, што падсудны не выплаціў шкоду камунальнаму прадпрыемству, а значыць, не ўсвядоміў віны і не раскаяўся. Паводле яе, надпісы былі нанесеныя ў грамадскім месцы і іх маглі бачыць іншыя асобы. Акрамя таго, пасудны быў нападпітку, што абцяжарвае віну.

Як вынікае з матэрыялаў справы, абвінавачаны зрабіў злачынства ў стане алкагольнага ап’янення ў групе нявызначаных асоб у ноч з 14 на 15 жніўня. Хлопца затрымаў старшы прапаршчык унутраных войск Яўген Марчанка, які выклікаў міліцыю.

Турунова спачатку аштрафавалі за знаходжанне ў грамадскім месцы ў стане алкагольнага ап’янення, а ў канцы лістапада 2020 года супраць яго распачалі крымінальную справу за псаванне маёмасці. За прамінулы час ад надпісаў мала што засталося. Пакаранне для Турунова пачнецца з моманту яго затрымання.

spring96.org