Двух братоў арыштавалі на 30 сутак за «ўдзел у арганізаваным руху групы грамадзян у колькасці двух чалавек»
Браты Сяргей і Іван Брусавы 27 сакавіка вярталіся дадому па праспекце Незалежнасці. Міма праязджала ваенная тэхніка, якую яны вырашылі сфатаграфаваць. Суду Іван растлумачыў, што тэхніку яны здымалі, бо яна ім спадабалася. Аб гэтым сведчыць і відэа, якое яны запісалі. Фатаграфаванне заўважылі супрацоўнікі міліцыі і затрымалі іх.
У Першамайскім РУУСе на братоў склалі адразу па два пратаколы: па арт. 24.23 і 24.3 КаАП, хоць непадпарадкаванне яны адмаўляюць. Паводле пратаколаў, браты «прынялі ўдзел у масавым мерапрыемстве, арганізаваным руху групы грамадзян у колькасці двух чалавек, а пры затрыманні адмаўляліся прайсці ў службовы аўтамабіль і ўпарціліся».
Іван і Сяргей папрасілі суддзю Максіма Трусевіча не караць іх суткамі, бо дома ў іх маці, якая нядаўна перанесла інсульт. Вынік — кожнаму па 30 сутак арышту.
«"Вясна" назірае»