Дык хто ж вінаваты ў змарненні мовы?
Мова — душа народа. Без мовы няма спелай нацыі. Выключная арыентацыя ў пытаннях мовы на Расію вылілася праз 23 гады ў поўную катастрофу. Моўная палітыка і яе ідэалагічнае забеспячэнне ў Беларусі не скіраваныя на ўмацаванне незалежнасці і рэальнага суверэнітэту.
Прайшло ўжо больш за паўгода, як не «адпускае» сваім глыбокім зместам
артыкул і яго аўтар — вязень Глыбоцкай папраўчай калоніі №13 Ігар
Златагурскі «Хто вінаваты ў змарненні беларускай мовы?».
Спадар Ігар вельмі прафесійна выклікае на дыскусію. Ён пачынае яе з дакладна акрэсленай сваёй пазіцыі. Толькі асобы, надзеленыя спрадвечнай народнай мудрасцю і народнай педагогікай, здольныя ў публічнай дыскусіі сказаць: «Калі б на пытанне, хто вінаваты, давялося адказваць мне, то, не вагаючыся ні хвіліны, сказаў бы: асабіста я і мае продкі». Усе далейшыя думкі, разважанні, і асабліва шчырае самаспавяданне спадара Ігара кладуцца ў рэчышча агульнанацыянальнай катастрафічнай праблемы выратавання беларускай мовы. Святая шчырасць аўтара, што ў 90-я гады ХХ стагоддзя ў яго «тая мая любоў да беларускай мовы была вонкавай, а ў сапраўднасці я быў да мовы абыякавы. І толькі гэтая абыякавасць, а не штосьці іншае, і замінала пачаць гаманіць па-беларуску». Шчырасць у думанні і простыя словы раскрываюць і напаўняюць разуменне беларусамі аксіём: «Мова — душа народа», «Са смерцю мовы памірае і нацыя».
Але пазіцыю спадара Златагурскага пра тое, што «ці варта закідаць уладзе» пра яе адказнасць за трагічны стан беларускай мовы, здаровым сэнсам і навукова-гістарычнай логікай нельга ні зразумець, ні апраўдаць. Любы генацыд ёсць генацыд. Моўны генацыд у Беларусі стаўся гістарычным працэсам на працягу стагоддзяў. Беларусаў апалячвалі, русіфікавалі стагоддзямі. Вось толькі адзін гістарычны дзяржаўны акт, адкуль ідзе пачатак сённяшняй русіфікацыі на дзяржаўным узроўні.
Але, як сведчыць статыстыка царскай Расіі, нашы продкі духоўна і гераічна змагаліся за сваё выжыванне. Праз 100 гадоў, у 1897 годзе, адбыўся Першы Усерасійскі перапіс насельніцтва Расійскай імперыі. Яго вынікі такія: «По родному языку Европейской России» ў губернях «говорили на белоруском языке в Виленской 56,1%, в Витебской — 53,0%, Гродненской 44,0% Минской — 76,0%, Могилевской — 82,4%. Всего — 63,5% или 5.408.420 жителей». Як бачна, за 100 гадоў ні рускі штык, ні руская школа, ні рускі поп не змаглі асіміляваць нашых улюбёных у родную мову продкаў.
Мова — душа народа. Без мовы няма спелай нацыі. На сёння яе стан інакш нельга назваць, як катастрафічным пасля ўвядзення афіцыйнага двухмоўя. Прыняты дзяржавай Закон аб адзінай дзяржаўнай мове ў Беларусі дзейнічаў толькі няпоўных 5 гадоў. Без таго, што было рэальна дасягнута ў адраджэнні беларускага народа за гэта гістарычнае імгненне, не было б сучаснай Рэспублікі Беларусь. У той час дзяржава абараняла, спрыяла імкліваму адраджэнню, распаўсюджванню беларускай мовы, этнічнаму яе аздараўленню. Гэты час ад прыняцця «Закона Аб мовах у Беларускай ССР» (26 студзеня 1990 года) і «Закона Аб дапаўненні артыкула 68 Канстытуцыі Беларускай ССР» (26 студзеня 1990) і да ўсталявання ўлетку 1994 года прэзідэнцкай сістэмы кіравання краінай быў зорным, калі беларуская мова была адзінай дзяржаўнай на нашым небасхіле.
Праведзенымі ў маі 1995-га і ў лістападзе 1996-га рэферэндумамі сама дзяржава (магчыма, не прадбачачы сённяшнюю сітуацыю) пазбавіла беларускую мову ўсялякай магчымасці быць запатрабаванай у афіцыйным і грамадскім жыцці. Яно амаль у поўным аб’ёме абслугоўваецца рускай мовай, што пазітыўна ўплывае на імклівую татальную русіфікацыю. У выніку беларусы на сваёй гістарычнай радзіме жывуць фактычна не толькі без сваёй роднай мовы і нацыянальнай культуры, і да таго ж яшчэ ў сфальсіфікаванай гісторыі. Праблемы мовы і культуры карэннага этнасу ва ўсіх краінах свету адносяцца да стратэгічных праблем нацыянальных інтарэсаў дзяржавы.
Выключная арыентацыя ў пытаннях мовы на Расію вылілася праз 23 гады ў поўную катастрофу. Моўная палітыка і яе ідэалагічнае забеспячэнне ў Беларусі не скіраваныя на ўмацаванне незалежнасці і рэальнага суверэнітэту. На жаль, па традыцыі непавагі да папярэдніх кіраўнікоў у СССР, спачатку закансервавалі ўсё, што атрымалі ў спадчыну ад папярэдняга палітычнага рэжыму, а затым сталі працягваць звыклую за стагоддзі для нашага народа палітыку русіфікацыі. Гэта прывяло да сапраўднай нацыянальнай трагедыі беларусаў: яны не толькі амаль франтальна анямелі ў роднай мове, што вельмі трывожна, а сталі абыякавымі да сваёй дзяржаўнасці.
З улікам ролі і месца сучасных СМІ ў жыцці грамадства, кардынальна выправіць становішча магчыма толькі на нацыянальным дзяржаўным узроўні. Патрэбна кансалідацыя розуму ды сакральнай энергіі беларускага народа і ўлады.
Да тэмы будзе і выказванне выкладчыка філасофіі маскоўскай Вышэйшай школы эканомікі, аглядальніка «Новой газеты» і папулярнага аўтара допісаў у Фэйсбуку Максіма Гарунова. На пытанне журналіста: «Як вы адчуваеце: Беларусь захаваецца праз сто гадоў?», адказаў: «Беларусы ў любым разе застануцца і нікуды не падзенуцца і праз сто, і праз дзвесце гадоў. Бо гэта беларусы. Калі яны ўжо дажылі да 2017 года, нягледзячы на ўсе перыпетыі гісторыі, якія з імі здараліся, дык, думаю, і пасля 2017-га яны працягнуць існаваць. Яны проста даказалі сваё права на існаванне тым, што так доўга трываюць. Куча народаў навокал знікла — прусы, яцвягі — а гэтыя ёсць».
Яскравым сведчаннем неўміручасці беларускага этнасу і беларускай мовы ёсць наш апанент з Глыбоцкай турмы Ігар Златагурскі. Ён, як Знічка на беларускім небе, і ў спецыфічных умовах жыцця выпраменьвае святло нашай годнай вечнасці ў моўнай сімфоніі ўсіх народаў планеты Зямля. Дзякуючы яго публікацыі ў сродках масавай інфармацыі жыхары Беларусі даведаліся, што беларуская мова жыве ва ўсіх куточках беларускай прасторы, нават у самых неспрыяльных.
Пра сённяшнія праблемы нацыянальных моваў у краінах Еўрасаюза ў «Новым Часе» (№11, 24 сакавіка 2017) надрукаваны змястоўны артыкул Алега Новікава «Мова і Еўропа», які пажадана не прапусціць. Ён карысны для думання над вырашэннем праблем беларускай мовы ў Беларусі ва ўмовах глабалізацыі і русіфікацыі, якія нясуць пагрозу моўнай і культурнай асіміляцыі-русіфікацыі.