Дырэктар Інстытута сацыялогіі: узровень даверу Лукашэнку ў Мінску — 24%

Гэтае ж даследаванне паказала, што Цэнтрвыбаркаму на чале з Лідзіяй Ярмошынай давяраюць толькі 11,1% мінчукоў, паведамляе «Еўрарадыё».

Генадзь Коршунаў. Фота facebook.com/KorshunauGenadz

Генадзь Коршунаў. Фота facebook.com/KorshunauGenadz


Узровень даверу Аляксандру Лукашэнку ў Мінску — толькі 24%. Такую лічбу дырэктар Інстытута сацыялогіі Нацыянальнай акадэміі навук Генадзь Коршунаў назваў у гутарцы з "Народнай Воляй".

Навуковец падкрэсліў, што даследаванне праводзілася ў сакавіку-красавіку 2020 года. Яно ж паказала, што Цэнтрвыбаркаму на чале з Лідзіяй Ярмошынай давяраюць толькі 11,1% мінчукоў.

"Цікава, ці была на гэтае апытанне нейкая рэакцыя ўлады? Гэта ж амаль бомба, лічбы забойныя: рэйтынг даверу Цэнтрвыбаркаму напярэдадні выбараў ніжэй за плінтус, па ідэі, разганяць арганізацыю трэба!" — пракаментавала журналістка Марына Коктыш вынікі апытання.

На гэта Коршунаў адказаў так: "Гэта было не напярэдадні выбараў. Па сутнасці, цяпер яшчэ амаль два месяцы да выбараў. А даследаванне было ўжо два месяцы таму".

Дарэчы, новага даследавання сацыёлагі яшчэ не праводзілі. Яны толькі цяпер спрабуюць яго пачаць: кажуць, што не хацелі рызыкаваць здароўем рэспандэнтаў падчас распаўсюду каронавіруса, таму вырашылі пачакаць.