Дзіўныя масавыя закупкі робяцца ў новае СІЗА пад Мінскам: іспанская кавамашына за 1 рубель!
Дзясяткі падобных закупак для СІЗА пад Мінскам былі размешчаныя на працягу мінулага года. Здзіўленне выклікаюць цэны па 1-3 рублі і некаторыя тавары (да прыкладу, кавамашына за 1 рубель — толькі іспанская). А ў кастрычніку туды набылі больш за 200 настольных тэлефонаў нібыта за 3 рублі, піша «Люстэрка».
Мінгарвыканкам масава закупляе абсталяванне і тэхніку для новага будынка СІЗА № 1, якое, верагодна, скончылі будаваць у Калядзічах. У большасці выпадкаў закупкі праводзяцца без конкурсу, а кошты пазначаныя 1–3 рублі.
Упраўленне капітальнага будаўніцтва Мінгарвыканкама масава закупляе абсталяванне, тэхніку і мэблю для новага комплексу будынкаў і збудаванняў установы «Следчы ізалятар № 1 УДВП МУС» (СІЗА № 1).
У студзені гэтага года набылі чатыры халадзільныя шафы. Агульная цана закупкі пазначаная ў 1 рубель. Від закупкі паказаны з адной крыніцы.
Туды ж у студзені набылі
абсталяванне для гатавання кавы. Працэдура закупкі была з адной крыніцы, аднак
чамусьці на сайце закупак арыенціровачны кошт закупкі пазначаны ў 1 рубель.
Прычым патрабавалася менавіта іспанская кавамашына.
Па такой жа схеме ў пачатку года закупілі фрыцюрніцы, масажнае абсталяванне, медыцынскія сталы, набор мэблі для цырульні. Часцей за ўсё цана таксама паказаная ў памеры аднаго рубля, у рэдкіх выпадках — два ці тры рублі. Ёсць запыты і па 10 капеек.
Дзясяткі падобных закупак
былі размешчаныя на працягу мінулага года. Напрыклад, у кастрычніку набылі
больш за 200 настольных тэлефонаў нібыта за 3 рублі.
Ва ўсіх выпадках закупкі рабіліся за кошт бюджэтных сродкаў. Прычым пазначана, што практычныя ўсе яны завершаны. Знайшлі пастаўшчыкоў. Аднак звесткі аб тым, хто імі стаў, а таксама рэальная цана здзелкі, не апублікаваныя.
Таксама ёсць закупкі, дзе ўказаныя і кошты, і пастаўшчык. У снежні мінулага года набылі дзесяць незгаральных металічных шафаў за 19 860 рублёў. Пастаўшчык «Цэнтр-мет».
У лістападзе за тры камплекты прамысловых увільгатняльнікаў паветра заплацілі 24 767 рублёў. Аднак у гэтым выпадку прадавец не пазначаны. А ў кастрычніку кампанія «Раданіра» падпісала дамову пастаўкі на аб'ект сістэмы пастановачнага асвятлення за 1,78 млн рублёў. Прыкладна тады ж «Віцязь» выступіў пастаўшчыком 354 тэлевізараў агульным коштам больш за 113 тысяч рублёў.
Нагадаем, будаўніцтва лякарні і СІЗА для зняволеных пачалося ў Калядзічах яшчэ ў 2010 годзе. Першапачаткова адкрыццё планавалі ў 2015 годзе, аднак у 2013 годзе выявіліся факты хабарніцтва і раскрадання будматэрыялаў, таму тэрміны перанеслі на 2020 год. У 2018 годзе тэрміны зноў перанеслі — ужо на 2022 год.
У снежні 2020 года Onliner.by паведамляў, што самы скончаны выгляд на той момант мелі бальніца і інтэрнат для будучых работнікаў, а ля будынка ізалятара была самая нізкая гатоўнасць. Два карпусы, якія павінны былі яшчэ з'явіцца, будаваць нават не пачыналі. 16 чэрвеня 2021 года выйшаў новы ўказ, згодна з якім бальніцу павінны былі здаць у 2021 годзе, а СІЗА — у 2023-м.
У студзені гэтага года «Люстэрку» стала вядома, што некаторых арыштаваных пачалі пераводзіць у новыя карпусы.
Пасля пераезду Валадаркі ў Калядзічы Пішчалаўскі замак, у якім размяшчаецца ізалятар, аддадуць гораду. Чакаецца, што пасля гэтага гістарычны аб'ект адрэстаўруюць.