Дзве зніклыя ў Гомелі дзяўчыны знойдзеныя загінулымі
Сёння стала вядома, што абедзве зніклыя дзяўчыны, якія працавалі на прадпрыемстве «Шклолюкс», знойдзеныя загінулымі.
Пра гэта паведамляе пошукава-выратавальны атрад «Сімуран».
24-гадовая Алеся Панцялеева знікла 15 ліпеня мінулага года, у дзень свайго нараджэння. 27-гадовая Аляўціна Машурыкава знікла некалькі дзён таму, 15 мая. Дзяўчына пайшла раніцай на працу і не
вярнулася.
«Сімуран» акалічнасці выяўлення целаў і гібелі дзяўчат не каментуе. Чакаецца афіцыйны каментар УСК па Гомельскай вобласці.
Пра тое, знойдзены целы дзяўчат разам ці паасобку, пакуль інфармацыі няма.
Аднак сярод гомельскіх карыстальнікаў інтэрнэту ходзяць настойлівыя чуткі, што Алесю і Аляўціну знайшлі разам, і гэтыя два знікненні звязаныя паміж сабой.
Карыстальнікі асабліва звяртаюць увагу, што дзяўчыны працавалі на адным прадпрыемстве і прапалі ў адную і тую ж дату: першая 15 ліпеня, другая — 15 мая.
Акрамя таго, сёння стала вядома аб затрыманні ў Гомелі гвалтаўніка і забойцы, які падазраецца ў забойствах як мінімум двух жанчын, учыненых у Гомелі і Рэчыцкім раёне. Дадатковыя падрабязнасці
пра гэты арышт не паведамляюцца.
Няма патрэбы казаць, што народная гаворка ўжо звязала яго з знойдзенымі целамі Алесі Панцялеевай і Аляўціны Машурыкавай. Згодна з апошняй інфармацыі, якую перадае «Гомельская
праўда», міліцыя назвала імёны ахвяр затрыманага зламысніка. Гэта сапраўды Алеся Панцялеева і Аляўціна Машурыкыва.