Эдуард Пальчыс адмовіўся ўставаць на судзе і заявіў адвод

Сёння ў 10.00 у Мінску пачалі судзіць блогера Эдуарда Пальчыса. Суд зрабілі закрытым.

dsc_36641.jpg

Па інфармацыі Антона Матолькі, Эдуард Пальчыс заявіў адвод суду і адмовіўся ўставаць.
«Я не лічу гэта судом», — сказаў блогер.
У выніку суддзя Мінгарсуда Пётр Арлоў прыняў рашэнне зрабіць пасяджэнні суда над Пальчысам закрытымі.
Эдуарда Пальчыса абвінавачваюць па некалькіх артыкулах:
ч. 1 арт. 293 Крымінальнага кодэкса — Арганізацыя масавых беспарадкаўарт. 342 Крымінальнага кодэкса — Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іхарт. 361 Крымінальнага кодэкса — Заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусьарт. 130 Крымінальнага кодэкса — Распальванне варожасці
Эдуард Аляксандравіч Пальчыс — вядомы беларускі палітычны блогер, аўтар тэлеграм-канала Palchys, прызнанага экстрэмісцкім, грамадскі дзеяч. З'яўляўся арганізатарам акцый і канцэртаў "БНР-100", "БНР-101".
Эдуард быў затрыманы ў канцы кастрычніка 2020 года пры невядомых абставінах. Летам яму прысудзілі два разы па 15 сутак арышту за парушэнне артыкула 23.34 КаАП, менавіта іх адправілі адбываць блогера пасля затрымання.
Пазней высвятлілася, што ў чэрвені Эдуард два разы быў завочна асуджаны судом да 15 сутак арышту. Але пасля "сутак" з ІЧУ на Акрэсціна ён так і не выйшаў.
16 снежня, падчас зняволення Эдуарда, у яго нарадзілася дачка.
Адрас для лістоў: СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2