Эдуард Пальчыс не выйшаў з Акрэсціна. Цяпер ён фігурант крымінальнай справы
Блогер Эдуард Пальчыс, які адбываў 30 сутак на Акрэсціна, не выйшаў на
волю пасля заканчэння адміністрацыйнага арышту. Як паведамілі яго сябрам
у ЦІП на Акрэсціна, блогер цяпер — фігурант крымінальнай справы, піша
TUT.BY.
"Мы прыехалі сустракаць Эдуарда, але ён не выйшаў. У ЦІП сказалі, што ён у ІЧУ, а там - што ён фігурант крымінальнай справы, якую вядзе Следчы камітэт", — распавялі сябры блогера.
Пакуль невядома, па якой справе праходзіць Пальчыс. Магчыма, гаворка ідзе пра крымінальную справу аб масавых беспарадках.
Нагадаем, Эдуард Пальчыс знік у канцы верасня. Яго жонка Вікторыя Шчукевіч звярнулася праз Facebook да журналістаў і СМІ з просьбай асвятліць знікненне яе мужа. Паводле яе слоў, у апошні час ён падазраваў, што за ім сочаць, таму планаваў пераехаць у бяспечнае месца, папярэдзіўшы, што нейкі час будзе недасяжны. Па словах жанчыны, «рэжым цішыні» з яго боку зацягнуўся, таму яна вымушана была падняць трывогу.
30 верасня Вікторыя паведаміла, што яе муж знаходзіцца на Акрэсціна.
У чэрвені Пальчыс два разы быў завочна прысуджаны судом да 15 сутак арышту.