Фільм пра пратэсты ў Беларусі трапіў у праграму кінафестывалю ў Канадзе

Дакументальны фільм беларускага рэжысёра Аляксея Палуяна «Кураж» ( «Смеласць») трапіў у праграму міжнароднага фестывалю дакументальнага кіно «Hot Docs» у Канадзе. Пра гэта аўтар стужкі паведаміў у сябе ў Facebook.

Беларускі рэжысёр Аляксей Палуян падзяліўся ў сацыяльных сетках, што пасля паспяховай сусветнай прэм'еры на Берлінале фільм «Кураж» працягне фестывальнае жыццё. Яго таксама пакажуць на адным з найбуйнейшых кінафестываляў дакументальнага кіно ў Паўночнай Амерыцы — канадскім «Hot Docs».
Галоўныя героі фільма «Кураж» — акцёры «Беларускага свабоднага тэатра» Марына Якубовіч і Павел Гарадніцкі, а таксама Дзяніс Тарасенка — праходзяць праз самы трывожны час у беларускай гісторыі пачатку XXI стагоддзя. Рэжысёр Аляксей Палуян разам з аператарам Таняй Гаўрыльчык, назіраючы за жыццём герояў, фіксуе важнейшыя этапы беларускага пратэсту: перадвыбарчыя надзеі, брутальныя дзеянні сілавікоў 9-11 жніўня, шматтысячныя мірныя дэманстрацыі, махавік рэпрэсій, які раскручваецца ўсё мацней і мацней.
Фільм пачынаецца з архіўных кадраў пратэстаў 1996 года і заканчваецца прысвячэннем: «Памяці ахвяр, забітых беларускім рэжымам». Раней рэжысёр Аляксей Палуян распавядаў:
— Гэта вельмі асабісты для мяне дакументальны фільм пра трох мастакоў, чалавечымі і прафесійнымі прынцыпамі якіх я захапляюся. У фільме я фіксую рэчаіснасць, у якой яны аказаліся. Героі пражываюць усе эмацыйныя працэсы, знаёмыя кожнаму з нас: ад эйфарыі да безнадзейнасці, ад страху да бясстрашнасці. Мне было вельмі важна зрабіць хроніку ўнікальнага часу мірнага паўстання беларускай нацыі супраць несправядлівасці і прыгнёту правоў чалавека.
tut.by