Фядыніча і Комліка абвінавацілі ва ўхіленні ад сплаты падаткаў на 23 тысячы рублёў
На 30 ліпеня прызначаны судовы разгляд справы супраць Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка, лідараў незалежнага прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП), паведамляе «Радыё Свабода».
Генадзю Фядынічу і Ігару Комліку
выстаўленыя абвінавачанні ва «ўхіленні ад
сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры» (ч. 2 арт. 243 КК РБ). Як лічыць
следства, па віне сваіх лідэраў прафсаюз
РЭП не заплаціў у дзяржаўны бюджэт падаткаў на агульную суму 22 тысячы 867
рублёў 10 капеек. Абвінавачванне падало пазоў аб спагнанні маёмаснай шкоды
на гэтую суму.
Фядынічу і Комліку пагражае абмежаванне волі на тэрмін да 5 гадоў або пазбаўленне волі на тэрмін ад 3 да 7 гадоў з канфіскацыяй маёмасці.
Працэс будзе праходзіць у судзе Ленінскага раёну, а не Савецкага, дзе зарэгістраваная сядзіба прафсаюзу, паведаміў Свабодзе Фядыніч. Ён лічыць, што гэта звязана з тым, што там большыя памяшканні:
«Наша справа ўсё ж незвычайная. Працэс адкрыты. Таму ўлады і перанеслі суд туды», — дадаў Фядыніч.
Пачатак суду амаль супаў з днём народзінаў Фядыніча, якому 31 ліпеня спаўняецца 61 год.
Прафсаюзны лідэр кажа, што ў яго няма ілюзіяў адносна справядлівага разгляду справы. Ён прагназуе, што прэцэдэнт з РЭП можа мець вялікія наступствы для ўсяго няўрадавага сэктару Беларусі.
«Стварыць фэйкавую электронную скрыню, нашпігаваць яе падробнымі дакументамі, а затым легалізаваць іх праз пракуратуру і суд — такіх прэцэдэнтаў у Беларусі яшчэ не было. Праваабаронцы, прадстаўнікі Глабальнага саюзу IndustriALL, які аб’ядноўвае больш за 50 мільёнаў прамысловых работнікаў у 140 краінах свету, ужо заявілі, што будуць уважліва сачыць за працэсам», — кажа Фядыніч.
Бяляцкі праходзіў па гэтым жа артыкуле
Паводле такога ж артыкулу ў 2011 годзе судзілі старшыню праваабарончага цэнтру «Вясна» Алеся Бяляцкага. Яго пакаралі на на 4,5 года зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці, вызвалілі праз тры гады. Беларускія, еўрапейскія і амерыканскія праваабаронцы прызналі Бяляцкага палітвязнем, прысуд быў названы палітычна матываваным.
Комлік правёў за кратамі два месяцы, Фядыніч ад пачатку следчых дзеянняў у жніўні 2017 году застаецца пад падпіскай аб нявыездзе.
Што важна ведаць
· Фядыніча і Комліка затрымалі 2 жніўня 2017 году. Комлік заставаўся пад вартай да пачатку кастрычніка 2017 года.
· Паводле следства, на літоўскі рахунак Фядыніча і Комліка ў 2011 годзе паступіла больш за 140 тысяч еўра, якія не праходзілі ў фінансавых справаздачах РЭП.
· Прафсаюзным актывістам выстаўленыя абвінавачанні ва «ўхіленні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры».
· Паводле гэткага ж артыкула (ч. 2 арт. 243 КК) у 2011 г. праваабаронцу Алеся Бяляцкага асудзілі на 4,5 года калоніі ўзмоцненага рэжыму.
· Фігуранты справы называюць яе «цалкам сфабрыкаванай».
· Следчыя апыталі больш за 800 актывістаў прафсаюзу РЭП па ўсёй краіне.