Грамадскасць супраць шклозавода
У Лідскім раённым судзе працягваецца разгляд пазову грамадскасці да кіраўніцтва шклозавода «Нёман». Грамадскасць патрабуе выканання закону і рэалізацыі правоў жыхароў
дзяржавы.
Мэта — выкананне закону
У Лідскім раённым судзе працягваецца разгляд пазову грамадскасці да кіраўніцтва шклозавода «Нёман». Грамадскасць патрабуе выканання закону і рэалізацыі правоў жыхароў
дзяржавы.
Мэта — выкананне закону
Кіраўніцтва завода пачало рабіць рэканструкцыю цэха з арганізацыяй новага тэхналагічнага працэсу — вытворчасці шклаваты. Прадстаўнік жа грамадскага аб’яднання
«Экадом» і каардынатар Руху «За Свабоду» па Гродзеншчыне, жыхар Бярозаўкі і былы работнік «Нёмана» Сяргей Трафімчык патрабуе праз суд ад
шклозавода спыніць гаспадарчую дзейнасць па пабудове цэха шклаваты, пакуль не будуць праведзеныя грамадскія абмеркаванні гэтага праекту, як таго патрабуе Орхуская канвенцыя.
Па-сутнасці, грамадскія абмеркаванні наўрад ці адменяць рашэння «Нёмана» аб будаўніцтве новай лініі, аднак будзе выкананы закон, які дазваляе людзям ведаць праўду пра новую шкодную
вытворчасць. У ідэале, грамадскія абмеркаванні — пляцоўка для дыялогу людзей і прамыслоўцаў, магчымасць патрабаваць ад апошніх адказнасці і кампенсацыі ў выпадку, калі вытворчасць будзе
ствараць пагрозу для навакольнага асяроддзя ці здароўя людзей.
«У апошнім адказе з заводу нам напісалі, што «праводзіць грамадскія слуханні немэтазгодна». Наша самамэта — выкананне закону! — падкрэслівае Трафімчык. — Паўплываюць тыя слуханні на штосьці ці не, гэта справа іншая. Але законам прапісана — слуханні мусяць быць! Будзем чакаць, што нашае патрабаванне ўсё ж задаволяць, у адваротным выпадку пойдзем далей — у абласны, Вярхоўны суд, пойдзем да канца». Сяргей Трафімчык, між іншым, працаваў рабочым на заводзе «Нёман» з 1991 па 2011 год.
Людзі з патрабаваннем правесці грамадскія абмеркаванні звярталіся да дэпутатаў мясцовага, абласнога, рэспубліканскага ўзроўняў. Аднак ім прыходзілі адпіскі. А дэпутат ад Бярозаўкі ў парламенце Міхаіл Арда ўвогуле нічога не адказаў на зварот грамадзян.
Сяргей Трафімчык гаворыць, што адміністрацыя завода імкнецца стварыць пазітыўны вобраз для новай вытворчасці, маўляў, будуць працоўныя месцы, эканамічнае развіццё рэгіёна. Ён падкрэслівае, што ніхто не супраць, каб Бярозаўка рухалася наперад. Але людзі мусяць ведаць праўду, і чыноўнікам адмахвацца ад іх як ад назойлівых мух нельга.
«Мы правялі апытанне прыкладна 400 чалавек наконт таго, што яны ведаюць пра новую вытворчасць у горадзе. Толькі 3 працэнта апытаных сказалі, што валодаюць поўнай інфармацыяй, — распавядае Сяргей. — За правядзенне грамадскіх абмеркаванняў двойчы збіраліся подпісы насельніцтва — першы раз сабралі больш за трыста, другі — больш за тысячу подпісаў».
У Бярозаўцы, паводле афіцыйных звестак, пражывае прыкладна 11,5 тысячы чалавек. З-за цяжкай эканамічнай сітуацыі цягам апошніх гадоў з гарадка з’ехала многа людзей у пошуках лепшых
працоўных месцаў, вышэйшых заробкаў. У 2005 годзе на заводзе «Нёман» працавала пяць цэхаў, цяпер — толькі два. «Сустрэў аднаго таварыша, дык той кажа, што ў
падмаскоўным Адзінцова ходзіць на працу нібы на завод у Бярозаўцы — столькі знаёмых твараў», — распавядае Трафімчык.
Асветніцкая праца суда
Другое судовае пасяджэнне мусіла пачацца а 14-й. Пакуль мы чакалі прызначанага часу, абмеркавалі праблему ці не з усіх бакоў. «Нёман» цяпер выпускае шкляныя вырабы, а цэх па вытворчасці шклаваты — гэта новая тэхналогія. Сяргей Трафімчык падкрэслівае, што поўнай інфармацыі пра экалагічнае ўздзеянне новай вытворчасці нідзе не было. Дарэчы, у Бярозаўцы і так не надта добрая экалагічная сітуацыя. «Вытворчасць крышталю — гэта 28% свінцовых злучэнняў. Медыкі пацвярджаюць кепскі стан экалогіі, і як вынік — пагаршэнне здароўя людзей, — распавядае актывіст. — Як адкрылі цэх па вытворчасці крышталю, то сцены ўнутры хутка пачалі пакрывацца аранжавым пылам з утрыманнем свінцу. Людзі млелі ў тых цэхах, абураліся такой няўвазе да свайго здароўя. Кіраўніцтва нават праводзіла сход, каб супакоіць надта ўражлівых работнікаў. У выніку зрабілі выцяжку, і цяпер быццам бы тыя газы выкідваюць у паветра на вуліцу. У раёнцы пісалі, што сярэдняя працягласць жыцця мужчын у Бярозаўцы — 53 гады!»
У прызначаны час заходзім у судовую залю. Але прадстаўнікоў «Нёману» няма, гавораць, што яны патэлефанавалі і папярэдзілі пра сваё спазненне ў суд. Урэшце суддзя Вячаслаў Мацук (ён жа і намеснік старшыні суда Лідскага раёна) пачынае працэс без прадстаўнікоў заводу. Яны ў выніку з’явіліся праз 41 хвіліну (ад Бярозаўкі да Ліды, дарэчы, усяго 25 кіламетраў).
Варта адзначыць, што суддзя Мацук падрыхтавана і адказна падышоў да справы. Паколькі, па словах суддзі, экалагічныя пазовы — вялікая рэдкасць, то ён з належнай уважлівасцю слухаў абодва бакі, унікаючы ў сутнасць справы. А ў выніку рэзюмаваў, што гэтая судовая справа не такая і простая, як можа каму падацца, — з самой Адміністрацыі прэзідэнта, з Вярхоўнага суда цікавіліся яе ходам.
Адзін з пазоўнікаў — прадстаўнік грамадскага аб’яднання «Экадом», юрысконсульт Сяргей Магонаў мяркуе, што гэта можа быць звязана з жаданнем уладаў выглядаць прыстойна ў вачах міжнародных экалагічных арганізацый. «Я на пачатку чэрвеня паеду ў Жэневу на пасяджэнне, што датычнае Орхускай канвенцыі. І буду вымушаны ў справаздачу аб выкананні Беларуссю гэтага пагаднення напісаць, што завод «Нёман» не дае грамадскасці рэалізаваць сваё права, як тое прапісана ў канвенцыі. І потым, калі будуць выдавацца крэдыты, разглядаюцца інвестыцыйныя праграмы для Беларусі, такая інфармацыя можа адправіць краіну ў «чорны спіс», — разважае наконт цікаўнасці вышэйшых органаў улады да судовага разбіральніцтва з «Нёманам» Сяргей Магонаў.
Цікава, што суддзя ў ходзе разбіральніцтва мусіў не толькі слухаць бакі, але і займацца асветніцкай дзейнасцю. Ён цярпліва даводзіў прадстаўнікам завода «Нёман», што калі ў краіне ёсць унутраныя законы і міжнародныя абавязальніцтвы, то яны ўсе абавязковыя да выканання, а не выбарачна. «Я ж не магу з дзвюх спраў выбраць адну, якая мне больш падабаецца», — тлумачыў на пальцах сутнасць выканання заканадаўства суддзя Мацук.
Прадстаўніца завода ў адказ цвердзіла, што на стадыі праектнай дзейнасці «Нёман» правёў паўгадзінны прамы эфір на мясцовым тэлебачанні, які анансавалі бягучым радком. На яе
думку, лепшага сродку для інфармавання людзей і быць не можа, а грамадскія абмеркаванні — немэтазгодныя. Да таго ж указ на падтрымку завода падпісаў сам Лукашэнка, а праект зацвердзілі ўсе
міністэрствы — яны ж не загадалі правесці тыя абмеркаванні, не маглі ж яны памыліцца! У сакавіку бягучага года быў выдадзены канчатковы варыянт экалагічнай ацэнкі праекту.
«
Вы думаеце, што ў Мінпрыродзе мусяць кантраляваць кожнага, усё тлумачыць і даводзіць?! — абураўся суддзя. — Гэта ваш абавязак як выканаўцы знайсці, прачытаць і выканаць усе заканадаўчыя акты!»
Наступнае судовае пасяджэнне прызначанае на канец чэрвеня. Суддзя абяцаў выклікаць на яго прадстаўнікоў Бярозаўскага, і Лідскага выканкамаў, каб яны патлумачылі, што за адпіскі пісалі чыноўнікі на канкрэтныя запыты грамадзян.
Фота: Сяргей Трафімчык і Сяргей Магонаў на ганку суда