ГРАМАДЗЯНСКАЯ СУПОЛЬНАСЦЬ. ПАДЗЕІ ТЫДНЯ: Валожын. Глыбокае. Ваўкавыск. Лельчыцы. Ліда
Валожын. Чарговы прыезд англійскіх валанцёраў
Валожын. Чарговы прыезд англійскіх валанцёраў
Нядаўна ў Валожыне адбылося адкрыццё парніковай гаспадаркі і «Сада Надзеі», узведзеных згодна з праектам вядомага англійскага ландшафтнага дызайнера Саймана Дагала. Для людзей з
абмежаванымі магчымасцямі створаны выдатныя ўмовы для адпачынку, фізічных практыкаванняў і працоўнай тэрапіі. Усе работы вяліся англійскімі валанцёрамі. Сёлетні візіт англічан на Беларусь дванаццаты.
Кіраўнік праекта сэр Сайман Дагал кажа, што ён і яго аднадумцы ахоплены жаданнем рабіць добрыя справы, несці людзям радасць. Для гэтага яны на працягу года збіраюць грошы, затым спецыяльна
прымяркоўваюць адпачынак. Толькі на набыццё саджанцаў англійскія сябры заплацілі 1000 еўра. Дапамогу валанцёрам аказвалі і мясцовыя арганізацыі.
Глыбокае. Выбар помніка праз сеціва
Грамадскія актывісты горада распачалі праз інтэрнэт апытанне жыхароў горада і раёна наконт таго, каму б яны хацелі ўстанавіць помнік у сваім краі. Для абмеркавання прадстаўлены чатыры варыянты: Паўлу
Сухому, Вацлаву Ластоўскаму, Тадэвушу Даленга-Мастовічу, Іосіфу Корсаку.
Ваўкавыск. Ушанавалі ахвяраў
Дэмакраты Гродзеншчыны пры падтрымцы актывістаў абласнога аддзялення фонду Льва Сапегі ў трэці раз сабраліся ля крыжа на ўездзе ў горад, які быў пастаўлены ў Памяць усім ахвярам таталітарных рэжымаў.
Паколькі як бальшавікі, так і гітлераўцы вязняў мясцовай турмы расстрэльвалі ў розных мясцінах горада, было вырашана ўстанавіць крыж на месцы аднаго з былых уніяцкіх храмаў.
Набажэнства па бязвінна забітых адслужыў уніяцкі святар. Затым перад усімі, хто сабраўся, а іх было болей за паўсотні, з канцэртам выступіў бард Зміцер Бартосік.
Лельчыцы. Зоны адпачынку
Мясцовыя актывісты грамадскай кампаніі «Наш дом», якім кіруе Мікалай Гаўрыленка, сабралі сярод жыхароў мястэчка подпісы пад зваротам аб добраўпарадкаванні возера Мох. Возера
знаходзіцца амаль у цэнтры населенага пункта, але мае непрывабны выгляд і вельмі забруджана. Ідэя акцыі — супольна з уладамі ачысціць вадаём і стварыць там зону адпачынку. Заява з подпісамі
і прапановай накіравана дэпутатам райсавета і старшыні райвыканкама.
Ліда. Дзень памяці на крыжах
«На крыжах» — так называецца месца, дзе амаль дзесяць гадоў таму грамадскія актывісты, прыхільнікі беларускасці непадалёку ад горада ля пасёлка Далёкія адшукалі пахаванне
паўстанцаў 1863 года. Колькасць пахаваных невядома, але старэйшыя людзі сцвярджаюць, што надмагільных камянёў было болей за сотню. У свой час тут былі ўсталяваны праваслаўны і каталіцкі крыжы.
Збірацца напачатку жніўня тут штогод для лідзян стала традыцыяй. І Лідскі райвыканкам дае афіцыйны дазвол на правядзенне гэтага мерапрыемства.
Брэст. АДС супраць камунальшчыкаў
Абласная кааліцыя АДС распачала рэалізацыю кампаніі «За наш горад». Яна будзе доўжыцца на працягу года. Папярэдне стратэгія і тактыка супольных дзеянняў была абмеркавана ў раёнах. У
кампаніі дзве мэты: інфармаванне грамадзян аб іх камунальных правах і садзейнічанне людзям у іх абароне.
Падрыхтаваў Язэп Палубятка