Генпракуратура Беларусі запатрабавала ад Расіі выдачы страйкамаўца з Салігорску
Андрэй Прылуцкі больш за месяц правёў у следчым ізалятары ў Расіі, у выпадку выдачы яго чакае крымінальны пераслед у Беларусі, піша Свабода.
У Генеральную пракуратуру Расіі паступіла патрабаванне з Генпракуратуры Беларусі аб выдачы афіцыйнаму Мінску сябра страйкаму «Беларуськалія» Андрэя Прылуцкага, паведаміў «Белсат» са спасылкай на беларускую дыяспару ў Маскве.
30 снежня Прылуцкага на запыт беларускага боку затрымалі ў аэрапорце «Пулкава» ў Санкт-Пецярбурзе. Ад таго моманту ён знаходзіцца ў пецярбургскім СІЗА «Кресты».
На электраслесара 1-га рудніка «Беларуськалію» ў Салігорску завялі крымінальную справу паводле 364 артыкулу за «гвалт у дачыненні супрацоўніка міліцыі». Шахтару па ім пагражае да 6 гадоў зняволення.