Хлопец трымаў у руках ровар, а суд палічыў, што плакат

1 снежня ў судзе Столінскага раёна адбыўся паўторны разгляд адміністрацыйнай справы ў дачыненні да жыхара рабочага пасёлка Рэчыца Сяргея Сахвона. Яго абвінавачвалі паводле арт 23.34 КаАП РБ «Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў». Ставілі ў віну тое, што 23 верасня ён прыняў удзел у несанкцыянаваным пікеце на вуліцы Савецкай у Століне.

Удзельнікі пікету пасля вызвалення з ІЧУ ў коле сяброў. Сяргей Сахвон трэці справа на здымку

Удзельнікі пікету пасля вызвалення з ІЧУ ў коле сяброў. Сяргей Сахвон трэці справа на здымку


Сяргея і іншых удзельнікаў акцыі затрымалі ў той жа дзень і змясцілі ў ІЧУ Столінскага РАУС. Суд над усімі імі адбыўся на другі дзень проста ў будынку РАУС. Справы разглядала суддзя Жанна Стаднік. Усе 7 чалавек прызнала вінаватымі. Хлопцам суддзя прызначыла штраф у памеры 30 базавых велічынь кожнаму, дзяўчатам — па 25, піша media-polesye.by.
Сяргей Сахвон абскардзіў пастанову суда ў Брэсцкім абласным судзе, там яго разгледзелі і адмянілі. 
«В соответствии с ч.1 ст. 11.3 ПИКоАП судья, должностное лицо органа, ведущий административный процесс, в случае несоблюдения требований к форме или содержанию протокола об административном правонарушении либо к перечню прилагаемых к нему материалов в пятидневный срок возвращают дело об административном правонарушении органу, ведущему административный процесс и направившему дело об административном правонарушении для рассмотрения.
Согласно материалам административного дела протокол об административном правонарушении содержит: неоговоренные и не заверенные исправления при описании содеянного Сахвоном; изложенное в нем совершено различными почерками, что указывает о его составлении не одним лицом, что в свою очередь следует признать существенным нарушением требований ПИКоАП», – гаворыцца ў пастанове Брэсцкага абласнога суда (захавана мова і правапіс арыгіналу).
Справу накіравалі ў суд Столінскага раёна на новы разгляд і іншаму суддзі.
Работнікам Столінскага РАУС давялося складаць новы адміністрацыйны пратакол.
Першы раз, распавёў Медыя-Палессю Сяргей Сахвон, міліцыянты прыехалі да дома і запрасілі яго ў службовы аўтамабіль падпісаць пратакол. Ён быў напісаны такім неразборлівым почыркам, што прачытаць ён яго не змог. І напісаў "не згодны". Верагодна, з такой жа праблемай пазней сутыкнуліся і ў судзе, паколькі гэты пратакол быў прызнаны сапсаваным. Тады Сяргея запрасілі ў РАУС азнаёміцца з іншым пратаколам. У гэты раз ён быў запоўнены ўжо друкаванымі літарамі. Мужчына яго прачытаў і таксама напісаў: «Не згодны». Расшыфроўваць сваю нязгоду не стаў, вырашыў распавесці прычыну ў судзе. У пратаколе, кажа Сяргей, напісана, што падчас пікету ў руках я трымаў плакат. Гэта няпраўда. Ніякага плаката ў руках я ніколі не трымаў. У руках у мяне быў ровар. І гэта відаць на фотаздымках.
Справу разглядаў старшыня суда Дзмітрый Карасінскі.
Сведкам па справе выступаў супрацоўнік міліцыі. Ён даказваў, што плакат у руках у Сяргея Сахвона ўсё-ткі быў. Але фота з плакатам даць не змог.
Нягледзячы на гэта, суддзя палічыў віну Сяргея Сахвона ва ўдзеле ў пікеце даказанай. І прызначыў пакаранне ў выглядзе штрафу ў памеры 30 базавых велічынь.
З вынесенай пастановай суда Сяргей не згодны і мае намер абскардзіць яе ў Брэсцкім абласным судзе.