«Грамадскі парадак парушаны не быў». Міліцыя адмовілася заводзіць справу за аголеную акцыю мастака
Міліцыя пасля праверкі адмовілася заводзіць крымінальную справу супраць мастака Аляксея Кузьміча, на якога напісалі скаргу за аголеную акцыю 3 кастрычніка на адкрыцці выставы ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў (НЦСМ). Пра гэта піша Радыё Свабода.
Пра гэта Аляксей Кузьміч паведаміў у Фэйсбуку.
У пастанове аб адмове ў завядзенні крымінальнай справы гаворыцца, што выступ мастака быў узгоднены з кіраўніцтвам цэнтру, хоць падрабязнасці яго і не абмяркоўваліся, мастак «не меў намеру на хуліганскія дзеянні», патлумачыў свае дзеянні як «мастацкае выказванне на мастацкай пляцоўцы і ў рамках мастацкага поля», ягоную акцыю «не перапыніў і не спыніў» ніхто з прадстаўнікоў НЦСМ, «палавыя органы Кузьмічом не агаляліся і прысутным не дэманстраваліся», «грамадскі парадак парушаны не быў».
Як адзначаецца ў пастанове, улічваючы вышэй пералічанае, у дзеяннях Аляксея Кузьміча адсутнічае склад злачынства, прадугледжанага Крымінальным кодэксам, іх можна кваліфікаваць паводле арт. 17.1 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэннях («дробнае хуліганства» (караецца штрафам ад 2 да 30 базавых велічынь або адміністрацыйным арыштам).
Мастак Аляксей Кузьміч 3 кастрычніка правёў акцыю «Шчыт, альбо Міністэрства фалакультуры». Каля хвіліны мастак трымаў на ўзбуджаным віяграй палавым органе кардонную таблічку «Міністэрства культуры». На далонях у яго быў надпіс «З усім згодны».
Пратэст супраць цэнзуры ацанілі не ўсё – на мастака падалі заяву ў міліцыю. Як вынікае з дакументаў, грамадзянка О.А. Іназемцава запатрабавала прыцягнуць Кузьміча да крымінальнай адказнасці за «грубае парушэнне грамадскага парадку».
НЦСМ заявіў пра поўную недатычнасць да акцыі мастака і што «рэзка асуджае любыя дзеянні і акцыі, якія праяўляюць цынічную непавагу да грамадства і ягоных дзяржаўных інстытутаў».
10 кастрычніка мастака выклікалі ў міліцыю. У сваім фэйсбуку ён апублікаваў прэтэнзію НЦСМ, дзе ўстанова прапануе тэрмінова выбачыцца за акцыю ў інтэрнэце. У іншым выпадку НЦСМ абяцае судзіцца з Кузьмічом у абарону сваёй дзелавой рэпутацыі.