Грамадзянам, якія апякуюцца Курапатамі, адмоўлена ў сустрэчы з генпракурорам

Актывістам грамадзянскай ініцыятывы “Эксперты ў абарону Курапатаў”, адмоўлена ў сустрэчы з генеральным пракурорам Аляксандрам Канюком.



kurapaty_hp_admova_30_9_15.jpg

Пра гэта гаворыцца ў лісце намесніка генпракурора Аляксандра Лашына.

Сваю пазіцыю спадар Лашын матываваў пунктам 4 Інструкцыі аб парадку асабістага прыёму грамадзян і прадстаўнікоў юрыдычных асоб у Генпракуратуры, зацверджанай загадам №2 генпракурора ад 31 студзеня 2012 года: асабісты прыём генпракурорам па наглядных скаргах на судовыя пастановы, пастановы па справах аб адміністрацыйных правапарушэннях, якія ўтрымліваюць адпаведную просьбу, праводзіцца пасля ажыццяўлення прыёму намеснікам генпракурора і прыняцця ім адпаведнага рашэння па папярэдніх скаргах аналагічнага характару.

У гэтай сітуацыі эксперты ў абарону Курапатаў будуць бліжэйшым часам звяртацца ў Генпракуратуру з пісьмовай заявай аб сустрэчы з адным з намеснікаў генпракурора.

Нагадаем, што 4 верасня культуролаг Вацлаў Арэшка, філолаг Вінцук Вячорка, археолаг Валянціна Вяргей, грамадскі актывіст Алесь Макаў, старшыня Беларускай асацыяцыі ахвяраў палітычных рэпрэсій Зінаіда Тарасевіч і аўтар гэтага артыкула звярнуліся да Аляксандра Канюка з заявай аб прыёме.  

У заяве, між іншым, распавядалася, што 4 снежня 2014 года грамадзяне прапанавалі Генпракуратуры правесці адпаведную праверку і распачаць крымінальную справу па прыкметах злачынства, прадугледжаных артыкулам 425 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь (“Бяздзейнасць службовай асобы”), альбо іншага артыкулу Крымінальнага кодэксу ў адносінах да службовых асобаў, якія не выканалі прадстаўленне Генпракуратуры № 0703-05д-18745 “Аб ліквідацыі парушэнняў заканадаўства аб ахове гістарычна-культурнай каштоўнасці, прычын і ўмоваў, якія ім спрыяюць”, накіраванае Мінскаму аблвыканкаму 27 лістапада 2012 года.

Гэтае прадастаўленне было вынесена ў сувязі з тым, што падчас будаўніцтва аб’екту прыдарожнага сервісу з былой назвай “Бульбаш-хол” СТАА “БелРэстІнвест” самавольна і незаконна ўзвяло на недатыкальнай тэрыторыі ахоўнай зоны нерухомай матэрыяльнай гістарычна-культурнай каштоўнасці міжнароднага значэння “Месца згубы ахвяраў палітычных рэпрэсій 19301940-х гадоў ва ўрочышчы Курапаты” з іх заходняга боку шэраг новых аб’ектаў (чатыры дамкі модульнага тыпу, частку будынку рэстарана і дзіцячую пляцоўку), што не маюць аніякага дачынення да каштоўнасці.

Зварот грамадзян ад 4 снежня быў выкліканы тым, што на выкананне прадстаўлення Генпракуратуры Мінаблвыканкаму быў дадзены адзін месяц, аднак і праз 24 месяцы прадстаўленне не было выканана. Пра гэта сведчыў той факт, што на момант звароту на недатыкальнай тэрыторыі ахоўнай зоны Курапатаў знаходзіліся аб’екты, незаконнае і самавольнае ўзвядзенне якіх стала прычынай вынясення Генпракуратурай яе прадстаўлення.

Аднак адказы супрацоўнікаў Генпракуратуры В.Д. Клімава ад 24.12.2014 г., А.М. Лашына ад 10.02.2015 г. і 10.03.2015 г. сведчаць пра тое, што зварот грамадзян так і застаўся не разгледжаным па сутнасці.

23 красавіка 2015 г. грамадскія актывісты звярнуліся ў Генеральную пракуратуру з просьбай правесці праверку наконт узбуджэння крымінальнай справы ў адносінах да асоб, якія ўзвядзеннем на 51-м км. МКАД аб’екту прыдарожнага сервісу з першапачатковай назвай “Бульбаш-хол” стварылі пагрозу Курапатам і зняважылі гэтую гістарычна-культурную каштоўнасць.

Аднак адказы супрацоўнікаў Генпракуратуры Д.Р.Васілевіча ад 11.05.2015 г, В.Д.Клімава ад 01.07.2015 г. і А.М.Лашына ад 17.08.2015 г. сведчаць пра тое. што і гэты зварот грамадзян застаўся не разгледжаным па сутнасці.

На думку заяўнікаў, Генеральная пракуратура двойчы парушыла  канстытуцыйнае права грамадзян на атрыманне адказаў па сутнасці пастаўленых пытанняў.

На падставе выкладзенага заяўнікі і прасілі Аляксандра Канюка прыняць іх у дзень асабістага прыёму грамадзян 10 верасня ці ў любы іншы дзень.