Грамадзяне Польшчы могуць ездзіць у Белавежскую пушчу без візаў

Уваходзіць у жыццё ўказ пра свабоднае перамяшчнне праз польска-беларускую мяжу для грамадзянаў Польшчы ў пешаходна-роварным пункце пропуску Грудкі-Перароў. Бязвізавы рух у Белавежы — ужо ад бліжэйшай пятніцы, 12-га чэрвеня.  



001032_00000681540.jpg

З беларускага боку замежнікі змогуць знаходзіцца на тэрыторыі Нацыянальнага парка “Белавежская пушча” ў турыстычных мэтах. Пра гэта «Радыё Рацыя» паведаміў генеральны консул Рэспублікі Беларусь у Беластоку Аляксандр Берабеня:

— Усё добра, ужо ад пятніцы гэта пачынае дзейнічаць. Замежнікі змогуць знаходзіцца на тэрыторыі Белавежскай пушчы на працягу 72 гадзін, гэта значыць трое сутак. Ужо распрацаваныя адмысловыя маршруты, сцежкі, там ёсць месцы, дзе можна праехаць роварам, пагуляць пешшу. З сабой неабходна мець пашпарт.

У адпаведнасці з Указам прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 115 такі бязвізавы рух будзе ажыццяўляцца праз пункт пропуска Грудкі-Перароў у Белавежы. Са зместам згаданага нарматыўнага дакумента, які рэгулюе таксама парадак бязвізавага наведвання Нацыянальнага парку “Белавежская пушча”, можна азнаёміцца на сайце пасольства Рэспублікі Беларусь у Польшчы, або на сайце Нацыянальнага парку “Белавежская пушча” (РБ).

У пятніцу, 12-га чэрвеня, у беларускую частку Белавежскай пушчы рушыць першая група польскіх турыстаў. Хоць на гэты момант яшчэ няма падрабязнай інфармацыі пра арганізацыю такога бязвізавага перамяшчэння. Вядома, што ахвотныя павінны зарэгістравацца, пакуль што гэта можна зрабіць праз турыстычнае бюро або ў адміністрацыі Белавежскага нацыянальнага парку (РП) у Белавежы. У перспектыве паўстане адмысловая інтэрнэт-старонка. Таксама вядома, што пасля перасячэння граніцы, неабходна выкупіць квіткі найменш на дзве турыстычныя прапановы ў Нацыянальным парку ў Беларусі. Пакуль што сустракаць турыстаў з беларускага боку будзе адзін аўтобус у 10 гадзін раніцы.

Пры сабе неабходна мець пропуск, пашпарт і медычную страхоўку. Пропуск афармляецца ў час рэгістрацыі (рэгістрацыйны фармуляр папярэдне адсылаецца ў памежныя службы Берасця, дзе адбываецца праверка, ці гэтая асоба мае права на ўезд у Беларусь). Плаціць трэба толькі за страхоўку.