Гродна: Сяргея Рымшу асудзілі да трох з паловай гадоў пазбаўлення волі

Сяргей Рымша быў на Савецкай плошчы Гродна 9 жніўня ў 23.15, калі ў таніраваны мікрааўтобус з сілавікамі паляцеў камень.

paliak_zimnicki_003.jpg


Суд Ленінскага раёна Гародні 21 студзеня вынес вырак Сяргею Рымшу. Яго абвінавацілі адразу па двух артыкулах Крымінальнага кодэксу: 342 КК РБ і 364 КК РБ. Яго прызналі вінаватым і асудзілі да 3,5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.
Таксама з яго спагналі 375 рублёў на карысць аўтагаспадаркі УУС Гродзенскага аблвыканкама.
Справу разгледзеў суддзя Юрый Казакевіч. Дзяржаўны абвінаваўца — Мікіта Мыслівец.
З судовых матэрыялаў было вядома, што Сяргей Рымша быў на Савецкай плошчы Гародні дзявятага жніўня ў 23.15, калі ў таніраваны мікрааўтобус з сілавікамі паляцеў камень. Неўзабаве Сяргея затрымалі, збілі, завезлі ў Ленінскі РАУС, і паведамілі, што на яго заведзеная крымінальная справа.
У якасці пацярпелых выступілі шэсць супрацоўнікаў міліцыі: Чарняўскі, Баярчук, Сталяр, Багушэвіч, Сацура і Літвін.
Адвакат падчас суда адзначаў, што ў працэсе былі парушэнні: Рымша ўжо быў аштрафаваны за свой учынак па арт. 23. 34 КаАП РБ на 20 базавых велічынь. Калі на яго была заведзеная крымінальная справа, панятымі пры аглядзе заплечніка ўвечары 9 жніўня былі самі пацярпелыя. Прычым ніхто з шасці пацярпелых на судзе не заявіў пазову аб кампенсацыі маральнай шкоды.
 Дзяржаўны абвінаваўца патрабаваў для Рымшы пазбаўленне волі па двух артыкулах Крымінальнага кодэксу тэрмінам на 4.5 гады калоніі агульнага рэжыму.
Паводле spring96.org