Губарэвіч: У Беларусі павінна з’явіцца вуліца імя Вацлава Гавела

У Мінску прайшла традыцыйная вечарына памяці знакамітага чэшскага палітыка Вацлава Гавела.



hubarevicz_2.jpg

У Мінску прайшла традыцыйная вечарына памяці знакамітага чэшскага палітыка Вацлава Гавела.

«Мы ўпершыню сабраліся на сустрэчу памяці Гавела ў 2012 годзе. Гэта праходзіла на фоне дастаткова змрочных часоў, якія былі на той момант у Беларусі дзясяткі патрыётаў былі ў вязніцах за тое, што яны выступілі адкрыта за свабоду, выступілі за перамены. І для нас Вацлаў Гавел заўсёды будзе сімвалам такіх пераменаў», — заявіў у выступе перад гасцямі вечарыны старшыня Руху «За Свабоду» Юрый Губарэвіч.

У гэтым годзе арганізатарам традыцыйнай вечарыны памяці Гавела выступілі акрамя Руху «За Свабоду», Праваабарончы цэнтр «Вясна» і Беларускіх Хельсінкскі камітэт.

Губарэвіч пабачыў шмат паралеляў у лёсаў дзвюх краінаў — Беларусі і Чэхіі: прыкладна аднолькавая колькасць насельніцтва, «разам спазналі жыццё пад імперыямі», «у чэхаў, як і ў беларусаў былі праблемы з нацыянальнай мовай», «але краіна здолела аднавіцца».

«Гаворачы пра Гавела, мы гаворым пра яго як пра прыклад, як пра палітыка, на якога можна арыентавацца цяпер у Беларусі. Вельмі хацелася б, каб памяць пра яго заставалася не толькі ў тых людзей, хто з ім сустракаўся, але і пашыралася», — адзначыў лідар Руху «За Свабоду».

Прыйдзе час, упэўнены Губарэвіч, калі ў Беларусі пачнецца дэкамунізацыя, вуліцы у гонар камуністычных дзеячаў будуць перайменаваныя. «Адзін з першых ганаровых замежнікаў, чыё імя павінна быць замацаваная ў мясцовай тапаніміцы — гэта Вацлаў Гавел», — падкрэсліў Юрый Губарэвіч.

«Вацлаў Гавел усё жыццё змагаўся за правы і свабоды, ён быў не толькі вялікім палітыкам, але і вялікім чалавекам, лідарам нашага народа і дзяржавы», — адзначыў пасол Чэхіі Томаш Перніцкі.

Ён падкрэсліў, што менавіта дзякуючы Гавелу для Чэхіі былі адкрытыя дзверы ў NOТА і Еўрасаюз.

Хутка ў Беларусі прэзідэнцкія выбары, нагадаў кіраўнік Праваабарончага цэнтра «Вясна» Алесь Бяляцкі. «Вопыт Гавела паказвае, што калі нехта і мае шанец, то гэта павінны быць адзін чалавек, прадстаўнік аб’яднанай апазіцыі», — адзначыў праваабаронца.

Па ягоных словах, чэшскі палітык да апошняга заставаўся прыхільнікам аб’ектыўнага і шчырага дыялогу з беларускімі ўладамі.

pyx.by