Гурт Like a Gossamer дорыць невідушчым людзям музычнае падарожжа па Беларусі

15 кастрычніка, у Міжнародны дзень белага кія беларускі гурт Like a Gossamer перадае «Спецыяльнай гарадской бібліятэцы для сляпых» у Мінску кампакт-дыскі «Kliatva viernasci».



like_a_gossamer_cd_web1.jpg

Альбом «Kliatva viernasci» ўяўляе сабой музычны цыкл з 20 кампазіцыяў, у якім песні чаргуюцца з шумавымі ландшафтнымі замалёўкамі (soundscape composition) — пазнавальнымі гукамі навакольнага асяроддзя (русалка, што жыве ў возеры Свіцязь; радасны натоўп на плошчы старажытнага Полацка; жандары, што маршыруюць па віленскім бруку), якія будзяць уяўленне слухача і выклікаюць у яго ўспаміны ды асацыяцыі. Іх для альбома стварыў саўнд-дызайнер з Санкт-Пецярбурга Арцём Бусел (Favourite Mirror).

«Праз музычна-гукавыя карціны і кампазіцыі альбома «Kliatva viernasci» мы хочам паспрабаваць паказаць Беларусь тым, хто пазбаўлены магчымасці падарожнічаць і бачыць яе на свае вочы, — кажа франтмэн гурта Алесь Акульчык. – Спадзяемся, музыка Like a Gossamer раскажа невідушчым і людзям са слабым зрокам – асабліва маладым – пра нашу Радзіму, яе гісторыю і традыцыі — гэтаксама, як гук ад удару кія аб брук дапамагае ім чуць і адчуваць наваколле».

«Kliatva viernasci» — міжнародны арт-праект, які з'явіўся на стыку трох відаў мастацтва (сучаснай авангарднай музыкі, графікі і літаратуры) і прысвечаны малавядомым легендам Беларусі, а таксама выбітным дзеячам беларускай гісторыі. Праект ажыццявіўся дзякуючы ініцыятыве «Кірмаш праектаў», якая плённа рэалізуецца ў Беларусі грамадскай культурніцкай кампаніяй «Будзьма беларусамі!»

«Спецыяльная гарадская бібліятэка для сляпых» была зарэгістраваная рашэннем Мінгарвыканкама 18 снежня 2002 года. Гэта адзіная ў горадзе бібліятэка для людзей з абмежаванымі магчымасцямі зроку. Фонд бібліятэкі ўніверсальны, у ім сабраныя кнігі, надрукаваныя шрыфтам Брайля, аўдыякнігі на розных носьбітах, плоскадрукаваныя кнігі і перыядычныя выданні.

Прэс-рэліз