Радыё Unistar пакарае вядоўцу за каментары пра «агідную белмову»

Актывіст Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Дзяніс Садоўскі звярнуўся да кіраўніцтва мінскага радыё Unistar з просьбай даць ацэнку паводзінам свайго вядоўцы Канстанціна Каверына.

baafc1c6_da31_488d_a2b4_22cca0c073d7_cx0_cy5_cw0_w1023_r1_s.jpg

Днямі ў запісе на сваёй старонцы ў Фэйсбуку Каверын патлумачыў «агіднае стаўленне да беларускай мовы» школьнай траўмай ад непрыемных кантактаў з выкладчыкамі.
Дзяніс Садоўскі кажа, што даўно слухае Unistar, і Канстанцін Каверын быў адным з яго ўлюбёных вядоўцаў. Таму пасля з'яўлення рэзананснага паста не мог не адрэагаваць: маўляў, калі нешта напісаў і пры гэтым нават не думаў кагосьці крыўдзіць, але аказалася, што ўсё ж пакрыўдзіў, то ў такіх выпадках звычайна выбачаюцца. Аднак за параду атрымаў ня толькі «бан», а і абразлівы камэнтар: «Идите... Вот именно вы, персонально. В... За обиженность».
«Звычайны нявежда і хамло», — пракамэнтаваў гэта ў сфаім Фэйсбуку Дзяніс Садоўскі. І накіраваў ліст у адміністрацыю Unistar.
У атрыманым сёння адказе за подпісам праграмнага дырэктара Аляксандра Найдзёнава гаворыцца, што паводзіны супрацоўніка кампаніі абмеркаваныя, яго чакае пакаранне:
«Канстанцін Каверын — вядучы радыё Unistar. Акрамя гэтага, у яго ёсьць праца на тэлебачанні, у футбольным клубе БАТЭ, а таксама ў сферы арганізацыі масавых мерапрыемстваў. Рэдакцыя нясе поўную адказнасць за тое, што агучваецца вядучым у эфіры, а таксама на пазаэфірных мерапрыемствах радыёстанцыі.
Старонка ў сацыяльных сетках з'яўляецца яго асабістай прасторай, і меркаванне, агучанае Канстанцінам у Фэйсбуку, можа не супадаць з меркаваньнем рэдакцыі. Што і адбылося гэтым разам. Мы лічым недапушчальным хамства ў адносінах да іншых карыстальнікаў сацсеткі. Паводзіны вядучага ацэненыя як непрымальныя. Мы прынялі меры, Канстанцін будзе пакараны».
У офісе Unistar пацвердзілі, што сёння раніцай адбылася «вялікая размова» з Канстанцінам Каверыным. Раней вядоўцу ўжо рабілі заўвагі, што ў каментарах, якія ён пакідае пад сваімі пастамі ў сацсетках, трэба больш стрыманасці.
Канчатковыя санкцыі будуць агучаныя па выніках паседжання дырэктарату. Якімі менавіта яны могуць быць — не ўдакладнілі, сказаўшы, што гэта ўнутраная справа рэдакцыі, вынікі не для публічнага абмеркавання. Але, сказалі ў рэдакцыі, размова, хутчэй за ўсё, пра штраф і вымову.
Паводле baj.by