І так чатыры месяцы: Евангельскай царкве зноў не аддалі гуманітарны груз са Швецыі

Дэпартамент па гуманітарнай дзейнасці Кіраўніцтва справамі прэзідэнта 21 студзеня чарговы раз адмовіў Евангельскай царкве Новалукомля ў атрыманнні гуманітарнай дапамогі, паведамляюць праваабаронцы.

Дапамога на суму 25 625 шведскіх крон (2800 долараў) прыйшла ад дабрачыннай арганізацыі «Ос-Хельпен». Гэта інвалідныя вазкі, адзенне, абутак, мэбля, посуд, якія мусілі быць размеркаваныя паміж тымі, хто мае ў гэтым патрэбу.

Паведамленне аб прыбыцці «гуманітаркі» царква атрымала яшчэ 20 верасня. Пасля гэтага вернікі тройчы падавалі заявы на рэгістрацыю грузу, але кожны раз ім адмаўлялі. Адмова на трэцюю заяву прыйшла ў апошні дзень чатырохмесячнага тэрміну дзеяння дазволу на захоўванне грузу.

Улады загадалі вярнуць увесь груз адпраўніку за кошт царквы. Прычына такога рашэння не паведамлялася.

Не выключана, што на гэта паўплывала асоба пастара рэлігійнай суполкі Аляксандра Зарэцкага. На пачатку 2021 года ён падпісаў «Адкрыты ліст хрысціян Беларусі» супраць гвалту над удзельнікамі пратэстаў. Пасля гэтага пастара выклікалі на допыт у міліцыю і на гутарку да ідэолага раёна. А 8 ліпеня 2021 года ў ягоным доме адбыўся ператрус.

Цяпер Зарэцкі знаходзіцца ў статусе сведкі па крымінальнай справе.

Паводле «Еўрарадыё».

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: