Ігар Грышанаў адмовіўся ад пасады старэйшыны Стаўроў
Вядомы на ўсю Беларусь «народны» старэйшына вёскі Стаўры Аршанскага раёна Ігар Грышанаў сышоў са сваёй пасады. Такое рашэнне вядомы грамадскі дзеяч прыняў з-за няспыннага ціску на яго з боку ўладаў.
За 2016 год Ігар Грышанаў атрымаў 23 позвы з міліцыі, яго вінавацілі ў прысабечванні зямлі, абразе чыноўніка і іншых парушэннях закона.
Сам былы старэйшына называе гэта помстай уладаў за яго незалежніцкую дзейнасць па аднаўленні і паляпшэнні роднай вёскі.
Яшчэ 30-га красавіка мінулага года жыхары Стаўроў адзінагалосна абралі яго на пасаду, але Бабініцкі сельсавет катэгарычна адмовіўся рэгістраваць законнае рашэннне вяскоўцаў.
Ігар Грышанаў патлумачыў Беларускаму Радыё Рацыя матывы свайго сыходу з пасады старэйшыны вёскі:
— Паводле закона аб самакіраванні і з улікам таго, што прагаласавалі адзінагалосна, я працаваў. Але цяпер, каб маю пазіцыю аднавяскоўцы падтрымлівалі, трэба, каб усе яны былі апазіцыянерамі і сталі супраць сельскага савета, як я. Але я не хачу вайны паміж сельскімі жыхарамі і мной, бо кожны дом у нашай вёсцы ці афармляць, ці будаваць, ці прадаваць — усё робіцца праз сельсавет афіцыйна.
Вёска Стаўры пры Ігары Грышанавым стала вядомай дзякуючы шматлікім культурніцкім імпрэзам і змаганні жыхароў за свае правы.
Ігар Грышанаў падкрэсліў, што сыход з пасады старэйшыны не азначае таго, што ён адмаўляецца ад дапамогі сваім аднавяскоўцам.
Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя