Ігар Ільяш пасля допыту на волю не выйшаў — журналіста вязуць у ізалятар
Раніцай да журналіста «Белсата» Ігара Ільяша прыйшлі сілавікі, зладзілі ператрус і затрымалі ў сувязі з крымінальнымі справамі. Цяпер яго вязуць у ізалятар.
Справы былі заведзеныя паводле артыкулаў «Масавыя беспарадкі» (293 КК РБ) і «Арганізацыя дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак» (342 КК РБ).
Ігара завезлі ў Следчы камітэт, як мяркуецца, на допыт. Увечары 16 ліпеня стала вядома, што Ігара пасля допыту не вызвалілі. Цяпер яго вязуць у ізалятар
Сваякі журналіста «Белсата» расказалі, што ён трымаецца бадзёра, у добрым фізічным і эмацыйным стане, «упэўнены ў сабе, як заўсёды». Фізічнага гвалту супраць яго не чынілі.
Таксама сваякі пацвердзілі, што ў пастановах на ператрусы былі артыкулы 293 і 342 КК РБ.
Між тым, Telegram-канал Ігара захапілі невядомыя, змясцілі на аватарцы дзяржаўную сімволіку.
Ігар Ільяш — муж журналісткі Кацярыны Андрэевай, якую асудзілі за стрым з «Плошчы Перамен» з акцыі памяці забітага Рамана Бандарэнкі. Ён таксама суаўтар кнігі «Беларусі Данбас», якую улады прызналі «экстрэмісцкай».