Ігар Логвінаў: Cа Скарыны і да Будзінаса дзяржава ўвесь час змагаецца з кнігавыдаўцамі
Паводле нараджэньня ён — гарадзенец, паводле адукацыі — філёзаф, паводле прызваньня — эстэт, паводле прафэсіі — кнігавыдавец. Стваральнік элітарнага выдавецтва і кнігарні пры ім, індывідуальны прадпрымальнік, якога суд пазбавіў права на любімую справу, Ігар Логвінаў — герой чарговага выпуску праграмы Сталкеры Свабоды.
«Я займаюся сучаснай беларускай літаратурай. Гэта, канечне ж, некамэрцыйны праект. Ён даволі рызыкоўны з пункту гледжаньня бізнэсу, але вельмі ўдзячны. І мяне ведаюць ня як выдаўца
коміксаў ці кнігаў маскульту, а як чалавека, які займаецца значнай для беларускіх пісьменьнікаў і літаратурнага працэсу справай.
Калі я пачынаў гэты свой аўтаномны праект, дык якраз пазнаёміўся зь літаратарам Зьмітром Вішнёвым і рухам Бум-Бам-Літ. Мяне вельмі захапіла тое, што яны рабілі, — здалося гэта вельмі
цікавым і пэрспэктыўным. Я адчуў у іх падзею, жыцьцё; літаратура перастала быць для мяне абстрактнай, а стала канкрэтным ладам жыцьця, і я быў уключаны ў гэтае жыцьцё. З таго часу мяне гэта захапіла
і дасюль не адпускае.
Я сам чытаю рукапісы, у якіх імкнуся знаходзіць самае цікавае, самае важнае, самае актуальнае для сёньняшняй беларускай літаратурнай сытуацыі. У гэтым палітыка нашага выдавецтва —
знайсьці і выдаць лепшае, што ёсьць на сёньняшні дзень.
Выбар наш просты — цікавыя аўтары. Воляй лёсу так склалася, што большасьць зь іх — у апазыцыі да сёньняшняй улады. Але і малаверагодна, што пісьменьнік, ляяльны да ўлады
— ня важна якой: беларускай ці якой іншай — бывае цікавы. Літаратура — рэч тонкая, і найбольш цікавыя творы зьяўляюцца на мяжы нязгоды, барацьбы, пошукаў чагосьці іншага.
Гэта і выпадкова так стаецца, і невыпадкова.
Ні ў якой краіне сьвету няма ніякіх абмежавальных мераў для кнігавыдавецтва: ні іспытаў, ні ліцэнзій. Толькі ў нас. Гэта наша мясцовае глупства і недальнабачнасьць.
На судзе я ўзгадваў гісторыю беларускіх выдаўцоў, пачынаючы са Скарыны і сканчаючы Будзінасам, і падумаў, што дзяржава тут заўжды змагаецца з кнігавыдаўцамі. Ня ведаю, чаму. Гэта нейкае
неразуменьне ці нежаданьне разумець, што кніга — гэта адна з важнейшых сфэраў чалавечага жыцьця.
Цяпер нам трэба рэгістраваць і кнігараспаўсюднікаў; стала больш жорсткім заканадаўства па кнігавыданьні і паліграфічнай дзейнасьці. Але мы будзем спрабаваць зарэгістраваць новае прадпрыемства.
Калі тут нічога не атрымаецца, дык будзем рэгістравацца ў бліжэйшых краінах, дзе заканадаўства больш ляяльнае, і дзе, у адрозьненьне ад Беларусі, кнігавыданьне карыстаецца падтрымкай.
Я лічу сябе шчасьлівым чалавекам, бо мне, у адрозьненьне ад многіх, пашанцавала займацца тым, што я люблю, і нягледзячы на пазбаўленьне права на гэта, была гісторыя маёй справы, яна застанецца,
і я ні аб чым не шкадую».