Ірэна Бярнацкая: У нас унутры вайна — гэта страшна

«Не
памятаю, як мне апранулі маё шырокае паліто на галаву. Я апынулася ў Лідскім
РАУСе, яны мяне схапілі, сказалі: "Чаго ты сюды выйшла? Хочаш як на Украіне?"».


Актывістка «Саюза палякаў» у Беларусі, карэнная лідзянка, верніца Ірэна Бярнацкая распавяла «Радыё Рацыя» пра малітвы за Беларусьі пра свае затрыманні. 

За неабыякавасць да людзей і краіны Ірэна Бярнацкая неаднаразова трапляла пад пераслед, прайшла праз арышты, а зараз вымушана жыве ў Польшчы.

— Як цяпер выглядае грамадскае жыццё польскай нацменшасці на Лідчыне?

— Вельмі балюча, бо не зробіш тых вясёлых імпрэз, бо ведаем, колькі людзей у турмах сядзіць, моладзі. Бяда аб’ядноўвае людзей, мае людзі — яны аб’яднаныя, дапамагаюць адно аднаму. Мы пастаянна трымаем кантакты паміж сабой.

— Такое вельмі прыватнае пытанне: што вам вера дае ў жыцці?

— Я верніца, але я заўсёды задаю пытанне Богу: «За што ты мяне так любіш?» Можа, таму, што я блудная такая, нядобрая верніца, можа, таму. Без веры чалавек — гэта нішто, гэта не чалавек. Толькі з верай, з верай можна перамагчы ўсё.

Вера — гэта тое, што ты маеш унутры, вось гэта вера. Калі вера ёсць, то ты маеш нутро. Гэта ўвесь час цябе мучыць, гэта цяжка, але калі яно ўнутры кажа: «Ідзі», — то ты мусіш ісці, калі маеш веру. Калі не маеш веры, то стараешся выкруціцца, знайсці выгаду сабе. Выгады ў жыцці няма, за ўсё трэба заплаціць. Мне ж не 15 гадоў, гэта вынік майго жыцця.

— За што былі пазнейшыя пратаколы, якія склалі пасля прэзідэнцкіх выбараў?

— Пратакол быў 12-га жніўня. Выйшлі мы на вуліцу, жанчыны выходзілі тады. Вось вы кажаце, вера. Тут ужо далучыўся Бог да гэтых спраў. Выйшлі жанчыны, я іду па вуліцы, а гэтыя дзяўчаты ад выканкама да Дому гандлю лётаюць, усюды стаіць міліцыя, іду я. Я кажу: «Дзяўчаты, крыж, маліцца давайце, давайце маліцца!» Мы на аўтамаце пачалі маліцца, што б’юць людзей, брат брата, гэта ж не вайна з ворагам, гэта ў нас унутры вайна — гэта страшна.

Ад 12-га жніўня прыходзілі кожны дзень маліцца а 18-й гадзіне. А 18-й пачыналася — і дзве гадзіны маліліся мы.

1-га верасня прыехала міліцыя. Яны кожны дзень прыязджалі, здымалі, забіралі людзей. Мы там маліліся, ужо прызвычаіліся да гэтага, так скажу.

Пазней чуем, што пачынаюцца крыкі, там дзяўчаты крычаць, хлопцы. Я не вытрымала, устала, падняла ружанец, кажу: «Мы жывём у адным горадзе, гэта ўсё робіцца каля касцёла. Яны ж нічога не робяць, людзі проста стаяць».

Пайшла дахаты — а праз дзесяць дзён склалі пратакол і быў суд. Першы суддзя Федаровіч адразу аддаў на дапрацлўку маю справу, рахунак сумлення не дазволіў. А пасля наш вядомы Філатаў адсудзіў добра.

Другі раз захварэла 23-га верасня на каронавірус. Не была цэлы месяц нідзе, бо цяжка хварэла. Пайшла ў касцёл, пасля пайшла ў краму ў Дом гандлю, а там ішлі людзі, а пасля — столькі АМАПа!

Жанчыне газ пусцілі, я далёка была, яна павалілася. Я стала крычаць: «Выклічце хуткую дапамогу!» Не памятаю, як мне апранулі маё шырокае паліто на галаву. Я апынулася ў Лідскім РАУСе, яны мяне схапілі, сказалі: «Чаго ты сюды выйшла? Хочаш як на Украіне?» Я кажу: «Я на Украіне не была, я не ведаю, як на Украіне». Я кажу, што не хачу, каб людзі паміралі пры мне.

Пасля ўжо прасядзела ў Следчым ізалятары, праз два дні быў суд і асудзілі мяне зноў. Далі мне штраф — зноў 50 базавых.

Трэці раз, тут зноў Бог грае ролю. Ведала, што ў Ашурка будзе апошні суд, суд будзе адкрыты. Я прыйшла, людзі прыйшлі, за гэта была пакараная.

Ірэна Бярнацкая — дзяячка «Саюза палякаў», якая вымушана пакінула родную краіну. У Беларусі яна надалей з’яўляецца падазраванай па так званай «польскай справе» — гэта крымінальная справа аб «распальванні варожасці».

«Беларускае Радыё Рацыя»

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,
Больш цікавага на «Новым Часе»: