Івонка Сурвіла: памятайма «слова прадсмертнае» нашага героя!

Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла выступіла са зваротам з нагоды Слуцкага збройнага чыну.


img_0526_768x698_logo_1.jpg


"Дарагія Суродзічы Беларусы!

Як і кожны год у гэты восеньскі месяц, Беларусы з удзячнасцю прыпамінаюць і аддаюць чэсць сваім слаўным Случчаком, якія пайшлі змагацца пад бел-чырвона-белым сцягам за сваю зямельку. Пайшлі ўміраць, каб жыла Беларусь!

У гэтым годзе – таксама ў лістападзе – адбудзецца ў Вільні перапахаванне Кастуся Каліноўскага і іншых герояў Паўстання 1863-1864 г. ў Беларусі. Дасюль ляжалі іх замардаваныя парэшткі ў агульнай непазначанай яме на Замкавай Гары.

З нагоды перапахавання, адбудзецца ў Вільні вялікая ўрачыстасць 22-га лістапада. Дарагія Суродзічы, прашу ўсіх Вас далучыцца думкамі да гэтае падзеі. Прыпамінаю, што пароль паўстанцаў быў:

— Каго любіш?

— Люблю Беларусь!

— Так узаемна!

А вось што пісаў нам з-пад шыбеньніцы, засуджаны царскімі ўладамі на смерць, наш герой. Сёння як ніколі хочу, каб Вы пачулі ягоныя словы любові да свае Бацькаўшчыныі і свайго народу:

“Браты мае, мужыкі родныя. З-пад шыбеньніцы маскоўскай прыходзіць мне да Вас пісаці, і можа раз астатні! Горка пакінуць зямельку родную і Цябе, дарагі мой народзе. Грудзі застогнуць, забаліць сэрца, но не жаль згінуць за Тваю праўду. Прыймі народзе маё слова прадсмертнае, бо яно, як з таго света, толькі для дабра Твайго напісана!”

І канчае Яська, гаспадар з-пад Вільні, свой ліст усім нам ведамымі словамі: “Бо я Табе з-пад шыбеньніцы кажу Народзе, што тады толькі зажывеш шчасліва, калі над Табою Маскаля ўжо ня будзе”!

Словы гэтыя актуальныя па сёння! Хаця дзяржава наша незалежная, кіруюць ёю яшчэ ўсё ворагі нашай свабоды. Дык памятайма “слова прадсмертнае” нашага героя, дарагія Суродзічы, бо “толькі для дабра нашага яно напісана”!

ЖЫВЕ БЕЛАРУСЬ!

Івонка Сурвілла Старшыня Рады БНР

Лістапад, 2019 г."
Паводле www.racyja.com