«Я не ведаю, што такое інтэрнэт». Гісторыя Пятра Кучуры, які адседзеў у турме 17 гадоў
16 жніўня пасля 17 гадоў турмы на волю выйшаў 66-гадовы Пятро Кучура, якога ў 2004 годзе абвінавацілі ў наўмысным забойстве егера. У турме было шмат пакутаў, выпрабаванняў. Але Пятро прызнаецца, што за браму турмы праз 17 гадоў было выходзіць вельмі страшна — адвык ад цывілізацыі, не ўмее карыстацца мабільнікам, не ведае, што такое інтэрнэт. Гісторыю былога вязня распавядае «Радыё Свабода».
«Я адседзеў 17 гадоў за забойства, якога не здзяйсняў»
Паводле Пятра і ягонай жонкі Людмілы, ён адседзеў па сфабрыкаванай і сфальсіфікаванай справе. Пятра Кучуру абвінавацілі ў наўмысным забойстве ў Дзяржынскім раёне ў 2004 годзе дзяржаўнага інспектара па ахове жывёльнага і расліннага свету Мікалая Гурына.
Кучура тады працаваў кіроўцам-дальнабойшчыкам, меў добры заробак, узорную сям’ю. А яшчэ ў яго было хобі — ён быў заўзяты паляўнічы.
«Я адседзеў 17 гадоў за забойства, якога не здзяйсняў. Выпадкова апынуўся не ў тым месцы і не ў той час. Быў у гасцях у сяброў на лецішчы каля вёскі Масцішча Дзяржынскага раёна. Увечары адзін выйшаў прагуляцца. Падобна, высокапастаўленыя чыноўнікі з егерамі прыехалі на паляванне, і адзін з іх, заражаючы ва УАЗіку на заднім сядзенні аўтамат, выпадкова стрэліў у спіну інспектару. Аднак пазней следства сцвярджала, што стрэл быў у грудзі. Не было ніводнага доказу, што гэта зрабіў я, вынікі балістычнай экспертызы падмененыя, на адным фота бушлат егера з летнім каўняром, на іншым — з зімовым. Розныя малюнкі камуфляжу, потым з матэрыялаў справы наагул зніклі вынікі экспертызы і сама куля. Знік і УАЗ, дзе павінны застацца сляды крыві», — узгадвае Пятро Кучура.
І доўга пералічвае нестыкоўкі ў справе, асобныя дэталі, неахайна праведзеную балістычную экспертызу.
Пятру следства прапанавала ўзяць забойства па неасцярожнасці на сябе — тады, маўляў, атрымае максімум 2 гады ўмоўна, а калі не — Кучуру «свеціць» смяротнае пакаранне альбо пажыццёвае зняволенне, бо егер быў пра выкананні службовых абавязкаў. У выніку Пятру Кучуру ў снежні 2004 года прысудзілі 17 гадоў за наўмыснае забойства і дадалі адзін год за знойдзеныя два патроны да іншага карабіна. Год знялі па амністыі. У выніку да 17 гадоў не даседзеў 115 дзён, бо тэрмін, адседжаны да суда, пералічылі (дзень палічылі за паўтара).
Усе гэтыя 17 гадоў жонка Людміла змагалася за справядлівасць, напісала дзясяткі скаргаў ва ўсе інстанцыі, дайшла да міністра ўнутраных спраў, да адміністрацыі прэзідэнта. Пісаў скаргі і сам Пятро, за што і паплаціўся.
З 17 гадоў за кратамі больш за 2 гады правёў у ШІЗА і ПКТ
Першыя 4 гады Пятро Кучура адбываў пакаранне ў мінскай калоніі № 1, што на Кальварыйскай. У снежні 2008 года калонію ў цэнтры сталіцы закрылі, а Кучуру перавялі ў Магілёўскую калонію № 15. Кажа, што ён чалавек неканфліктны, законапаслухмяны, але не церпіць несправядлівасці. Таму пачаў пісаць скаргі, дасылаць іх у розныя інстанцыі, усё запісваць у агульныя сшыткі.
У снежні 2013 года Пятро апынуўся ў Магілёўскай крытай турме № 4.Туды яго змясцілі на 3 гады, але праз 1 год і 10 месяцаў, у кастрычніку 2015 года, за ўзорныя паводзіны вярнулі ў калонію № 15, дзе рэжым мякчэйшы.
З 17 гадоў зняволення Кучура, па яго словах, больш за 2 гады правёў у ПКТ (памяшканнях камернага тыпу) і ў штрафных ізалятарах (ШІЗА).
«У 2013 годзе трапіў у ШІЗА. Памяшканне зусім малое. Унітаз цалкам засыпаны хлоркай, на падлозе таксама хлорка — не менш за вядро высыпалі. Думаю, трэба яе змыць, бо надта смярдзіць. Адкрываю ваду — знізу зрываецца шланг, і парашок ператвараецца ў кашу, якая трапляе на падлогу. Дыхаць няма чым. Грукаю ў дзверы — доўга ніхто не прыходзіць. А мне ўжо дыхаць няма чым, я хрыплю, унутры ўсё гарыць, твар чырвоны, вочы слязяцца. Крыкам крычу: „Няхай мяне лепш застрэляць, чым так пакутаваць!“ Дзяжурны, убачыўшы мой чырвоны твар і вочы, паведаміў начальніку рэжымнага аддзелу, мяне перавялі ў іншую камеру», — узгадвае катаванні хлоркай Кучура.
Ён расказвае, што за шматлікія скаргі адміністрацыя пачала помсьціць. Спачатку выклікалі на размовы, потым складалі рапарт — маўляў, не павітаўся, не прадставіўся, груба адказваў — і зноў на 10 дзён у ШЫЗА.
«Я ўсё занатоўваў, пісаў скаргі, каб перагледзелі справу, я не вінаваты. Калі я прыйшоў да начальніка турмы на прыём, выказаў усё, ён ашалеў: „Ты ня будзеш тут камандаваць! Як толькі ты вызвалісься, цябе пасадзяць зноў. І сына пасадзім — ён нейкім бізнэсам займаецца. І жонка будзе мець праблемы“. На ўсе мае скаргі, якія вярталі ў калёнію для разбору, начальства адказвала: „У яго старэчы маразм“. Я працягваў падшываць копіі ўсіх папер у агульныя сшыткі, падрабязна запісваў, за што прызначылі чарговае спагнаньне — для гісторыі, каб нічога не забыцца», — расказвае Пятро.
«Праўду шукаеш? Я тут начальнік — хачу адпушчу, хачу не»
30 снежня 2013 года Пятра Кучуру перавялі ў Магілёўскую крытую турму № 4 — за шматлікія правіны і парушэнні. Але ў турме ён адседзеў толькі 1 год і 10 месяцаў замест 3 гадоў — за прыкладныя паводзіны вярнулі ў Магілёўскую калонію № 15.
«Быў кастрычнік 2015 года. У калоніі мне паабяцалі датэрміновае вызваленне, як толькі будзе камісія — чарговая. А сядзець заставалася 5 гадоў і 6 месяцаў. На паседжанні камісіі кажуць, што тэрмін яшчэ вялікі, маўляў, ніводзін суд не прапусціць, давайце яшчэ год пачакаем. Праз год — зноў камісія. Парушэнняў у мяне не было. Але начальнік калоніі ашалеў і крычыць: «Ён з нас столькі крыві папіў! Будзеш сядзець ад званка да званка!» Патэлефанаваў жонцы. Тая пайшла ў Дэпартамент выканання пакаранняў да тагачаснага начальніка Сяргея Дарожкі. Праз месяц зноў камісія: «Праўду шукаеш? Я тут начальнік — хачу адпушчу, хачу не», — узгадвае шматлікія спробы датэрмінова вызваліцца Пятро.
Ён таксама расказвае, што маладому начальніку атраду паступіў загад зверху пісаць рапарты на Кучуру за найменшую правіну.
«Зноў пачаўся ціск, шматлікія „шмоны“. Не ведалі, да чаго прычапіцца. Аднойчы знайшоў маленькі кавалак наждачнай паперы — нібыта гэта забаронены прадмет. Ды гэтай наждачкі — у кожнай тумбачцы цэлыя прасціны! Я прыйшоў да начальніка атраду шчыра паразмаўляць — што адбываецца? Той кажа, што начальнік калоніі загадаў пісаць рапарты, — працягвае Пятро. — Адзін раз у калоніі начальнік збіваў, ударыў разоў пяць: маўляў, «калі не перастанеш пісаць скаргі — я цябе вызвалю ў драўляным касцюме».
«Нарэшце я дачакаўся, што Кучура ўскрыўся!»
У Магілёўскую турму № 4 Кучуру накіравалі і другі раз. Прычым, як сам кажа, зладзілі паказальны суд. І на развітанне з калоніяй № 15 яму ўчынілі правакацыю, сцвярджае Пятро Кучура.
«Начальнік калоніі паклаў на стол 4 тамы справы — вось колькі на мяне папер панапісвалі, і кажа: „Прапануецца накіраваць Кучуру на 3 гады ў турму“. Камісія — 6 жанчын, усе галасуюць „за“. Прычым усе дакументы на турму былі падрыхтаваныя загадзя. Я абурыўся: „Што за цырк? Усё гатова, навошта было разыгрываць гэты спектакль? Навошта тады камісія?“ Кажу: дайце хоць азнаёміцца з дакументамі. Даюць тэчку — а там ляжыць лязо. Я ўзяў лязо, схаваў паміж пальцамі. Выйшаў.
Стаіць супрацоўнік рэжымнага аддзелу і кажа: „Чаго ты не ўскрываешся? Чаго чакаеш? Самы добры момант!“
У мяне нейкі туман у галаве, памутненне: ніколі б такога не зрабіў! Аднак бяру лязо — і 9 разоў паласнуў па руцэ. Заламалі рукі, завялі ў кабінет рэжымнікаў. Пасадзілі на падлогу. Прыбягае начальнік турмы, такі задаволены, радасны: „Нарэшце я дачакаўся, што Кучура „ўскрыўся“!“ Які ў мяне ўдалы дзень — падвойнае свята!» Потым яшчэ доўга здзекаваліся з мяне: маўляў, падрапаўся, каб хацеў ускрыцца, мог бы гэта зрабіць уначы пад коўдрай!»
Пры пераводзе ў турму начальнік калоніі прыгразіў: «Ты не думай, што там табе лёгка будзе! Я табе такую характарыстыку напішу — мала не падасца».
Кучура расказвае таксама, што за кратамі ў яго скралі сшыткі з запісамі. Усяго за час адседкі ў яго канфіскавалі 5 агульных сшыткаў з копіямі дакументаў і турэмнымі нататкамі.
У турме адразу пасадзілі ў ШІЗА — даседжваць суткі, што Пятро не даседзеў у калоніі.
«Мне пастаянна пагражалі артыкулам 411 — злоснае непадпарадкаванне, паводле якога суд можа працягнуць тэрмін яшчэ на два гады. 28 лістапада 2019 года я напісаў жонцы ліст № 11, што мне пагражаюць. Прыбягае начальнік, нецэнзурна лаецца: «Калі хоць раз напішаш жонцы пра турму, я адыму тваё здароўе! Я нікога не баюся. Ты нікому нічога не дакажаш!», — расказвае пра знаходжанне ў «крытцы» Пятро Кучура.
«Ніводнага чалавека турма не перавыхавала»
На пытанне, што з людзьмі робіць турма, ці перавыхоўвае злачынцаў папраўчая ўстанова, Пятро Кучура адказаў так:
«Я ў вочы ім казаў, што ніводнага чалавека турма не перавыхавала. Ня ваша задача — перавыхаваць, ваша задача — узлаваць асуджанага, настроіць яго супраць грамадства. У вас тут толькі беззаконне».
16 жніўня 2021 года Пятра Кучуру нарэшце вызвалілі — з турэмнага ШІЗА. Пад будынкам турмы яго чакала жонка Людміла. Яна прызнаецца, што ледзьве пазнала мужа — за апошнія пару гадоў, праведзеныя ў турме, ён вельмі моцна схуднеў. Яшчэ 3 гады таму ў калоніі № 15 быў даволі мажны — важыў 106 кілаграмаў. Сам Пятро наконт гэтага жартуе:
«А што вы хочаце? Я выпадкова даведаўся, на якую суму кормяць зняволеных у турмах. Аднойчы мае таблеткі былі загорнутыя ў паперку, на якой былі нормы харчавання і кошты. Я як пачытаў — нас кормяць на 1 рубель 50 капеек 3 разы ў суткі! А дыета самая дарагая — 2 рублі порцыя! Адна вада. Але ніхто не скардзіцца, бо заўтра будзеш у ШІЗА», — кажа Пятро.
Даходзіла да смешнага. Калі ён пытаўся, чаму бульба ці каша заўсёды вадкія, а ў бульбяным супе бульбы наагул не бачна, адказы атрымліваў дзіўныя.
«Мне кажуць: „Кухары пераварылі суп, бульба разварылася, распусцілася. І наагул, гэта не наша віна, мы не крадзем у вас — нормы такія прыняў Савет Рэспублікі, а прэзідэнт зацвердзіў. І наагул, шмат бульбы гнілой, яна ідзе ў адкіды“.
Неяк перад Новым годам пытаюся ў начальніка па тыле, чаму зноў бульба вадзяністая. Ён на поўным сур’ёзе адказвае: А што вы хочаце? Маладая бульба — яна заўсёды вадкая». Я кажу: "Дык снежань на двары!». У студзені задаю пытанне, чаму бульба вадкая. «А таму, што бачкі стаялі на вуліцы, ішоў дождж, вады налілося. Ну і што, што бульба вадкая? У мяне таксама стул бывае вадкі», — смяецца Пятро, узгадваючы адказы на свае скаргі пра турэмны рацыён.
І скрушна дадае: «Хто быў у турме, той у цырку не смяецца».
«Мне страшна было выходзіць на волю»
Самае страшнае ў турме — поўная адсутнасць інфармацыі. Зэкі не галасуюць, таму, калі былі прэзідэнцкія выбары, яны нічога не ведалі пра жнівеньскія падзеі. У лепшым выпадку жонка ці сын праз тэлефон два словы скажуць, расказвае былы вязень. Тэлевізара не было — хоць у правілах унутранага распарадку запісана, што ў калоніі тэлевізар можна глядзець. Цяпер Пятро Кучура з цяжкасцю прывыкае да цывілізацыі.
«Мне страшна было выходзіць на волю — я баяўся. Горад Мінск мяне ўразіў — вельмі прыгожым стаў. Але я не змагу тут жыць, не змагу адаптавацца. Я з'еду куды-небудзь, лепш зямлянку выкапаю і буду там жыць», — жартуе ён.
Калі ў 2004 годзе Пятра пасадзілі, мабільнікі былі толькі кнопачныя, кампутарам тады ён не карыстаўся, хоць сын быў студэнтам і электронныя прылады ў сям’і ўжо былі.
«Сучасным мабільным тэлефонам я не магу карыстацца. Мне знайшлі нейкі стары кнопачны — я пастаянна не туды торкаю, не на тое націскаю. А як пабачу, што ўсе зараз у тэлефонах сядзяць, не разумею, што яны там робяць!
Я праўда не ведаю, што такое інтэрнэт, як ім карыстацца, і ніколі не буду карыстацца! Жонка зрабіла ў кватэры рамонт, паставіла новую электрычную пліту з электроннай панэллю — я не ведаю, як яе ўключыць», — кажа Пятро.
Яму прызначылі два гады нагляду пасля турмы, трэба адзначацца ў міліцыі, не выязджаць без дазволу з гораду. А тут жонка Людміла на пару дзён збіраецца з'ездзіць пад Бабруйск на лецішча. Прызнаецца, што перад сваім ад’ездам усю раніцу вучыла мужа карыстацца мікрахвалёўкай і электраплітой, каб змог разагрэць ежу.
Людміла, якая ўсе 17 гадоў падтрымлівала мужа, змагалася за яго вызваленне і нарэшце дачакалася яго з турмы, кажа: «Нічога, усяму вельмі хутка навучым!»