«Калі ўсміхнуўся, могуць прыйсці са „шмонам"». Як жыве вязень, які адседзеў за пудзілы міліцыянтаў

Віктар Царыкевіч — адзін з першых палітвязняў апошняй выбарчай кампаніі, які выйшаў на волю, бо адбыў пакаранне. Ён сядзеў за серыю перформансаў у сваім раёне, у тым ліку за пудзілы ў міліцэйскай форме. Віктар расказаў «Свабодзе» пра душ з шампанскага, мошку ў «адзіночцы», размовы з асуджаным «кадэбэшнікам» і пра тое, чаму не з'едзе са сваёй зямлі.

bb493ca1_4c64_4971_984b_d34197b0904c_cx0_cy10_cw0_w1597_n_r1_st.jpg

Далі год за «пахаванне закону», лялькі міліцыянтаў і сцяг на стэле

Віктару Царыкевічу 39 гадоў. Жыве ў Гродзенскай вобласці ў горадзе Масты з насельніцтвам 15 тысяч чалавек. Двухпавярховы дом на ўскрайку горада пабудаваў сам. Адвучыўся на заатэхніка, змяніў шмат прац, урэшце заняўся будоўляй. У Віктара з жонкай Таццянай трое дзяцей: 4, 9 і 12 гадоў.
Затрымалі Віктара летась, 11 лістапада. Напярэдадні ў Мастоўскім раёне на аўтобусных прыпынках у вёсках нехта павесіў пудзілы ў міліцэйскай форме.
А ў полі з'явіліся імправізаваныя «могілкі» з шыльдамі «надмагілляў» — Канстытуцыі Беларусі, эканомікі краіны, судовай сістэмы, сумленных выбараў, павагі да міліцыі. Датай «смерці» пазначылі 9 жніўня 2020 года. Побач з могілкамі ляжала лялька міліцыянта ў труне. «Тут пахаваны закон», — казаў надпіс на аркушы паперы.
Да таго ж, пасярэдзіне белай стэлы «Масты» на ўездзе ў горад з'явілася чырвоная паласа, а на дрэвах у раёне хтосьці маляваў бел-чырвона-белыя сцягі.
Ва ўсёй гэтай творчасці абвінавацілі Царыкевіча — «Хуліганства». Яго ж прызналі вінаватым у абразе старшыні Мастоўскага райвыканкама Юрыя Валяватага.
Сам фігурант спачатку пагадзіўся запісаць прызнальнае відэа для міліцыі, аднак у судзе сваю віну цалкам не прызнаў.
Суддзя Мастоўскага раёна Віталь Сініла прысудзіў Царыкевічу 1 год калоніі агульнага рэжыму. Праз суд у сям’і канфіскавалі старэнькі аўтамабіль. У СІЗА Віктар сядзеў у гродзенскай турме, пакаранне адбываў у віцебскай калоніі «Віцьба».
Пасля пераліку тэрміну паводле новага заканадаўства (1 дзень СІЗА = 1,5 дня калоніі агульнага рэжыму) яму скарацілі пакаранне на 81 дзень. На волю Віктар выйшаў 21 жніўня.

«Дадому! Дадому!»

У той суботні дзень, 21 жніўня, Віктар прачнуўся як звычайна — а 6 гадзіне на «Віцьбе».
«Я адчуваў нутром, што пайду сёння дахаты», — кажа ён.
Да яго хаты — паў-Беларусі. Выпускаць яго хацелі на два дні пазней. Віктар нават напісаў скаргу ў Генпракуратуру. Падзейнічала яна ці не, ён не ведае, але пасля сняданка яму загадалі збіраць рэчы. «Дадому! Дадому!» — даведаліся і пераказвалі яму таварышы.
«Збіраць жа няма чаго, — кажа Віктар. — Але трэба было рэчы размеркаваць: каму кіпяцільнік аддаць, некаму — кубак, камусьці печыва, шакаладку, вафлю, усім пакрышку, не аднаму ж зваліць усё. Камусьці пінжак, швэдар, шапку, шкарпэткі новыя, зубную пасту, крэм для галення. Гадзіннік зняў з рукі, аддаў».
Праводзіць Віктара выстраілася цэлая чарга ахвотных. Падыходзілі цэлымі кампаніямі абдымацца, перадаць просьбы на волю, папрасіць нешта з рэчаў.
Звычайна людзі вызваляюцца ціха, амаль незаўважна, кажа суразмоўца. А яго не хацелі адпускаць. Чаму так, у яго няма адказу. Магчыма, сакрэт у яго харызматычнай усмешцы, якая падымала на зоне дух, а магчыма — у тым, што ён не дзяліў сядзельцаў паводле пасад, не баяўся размаўляць з былым «кадэбэшнікам» і сябраваў з суддзёй-хабарнікам. На «Віцьбе» адбываюць пакаранне многія былыя дзяржаўныя службоўцы.
Да вакзала ён дабраўся таксоўкай. Адтуль — маршруткай на Мінск і з перасадкай на Шчучын, куды даехаў каля 17-й гадзіны. У кіроўцы папрасіў пазваніць жонцы, што неўзабаве будзе. Высадзіўся на трасе.
«І тут гляджу, да мяне з усіх бакоў па газонах бягуць людзі. Аблілі з галавы да ног шампанскім. Пачалі абдымаць. Плакалі, шмат плакалі, проста без слоў», — успамінае шчаслівы дзень Віктар.
У першы тыдзень пасля калоніі ён зноў прывыкае да волі, робіць хатнія справы, бавіць час з сям’ёй. Ходзіць штодня ў тым самым адзенні, бо, кажа, яшчэ не разабраў свае хатнія рэчы.
«Як я сябе адчуваю, не ведаю. То раптам галава забаліць, хоць я не хварэю, то есці захочацца, паем, а праз пяць хвілін — зноў», — кажа нядаўні вязень. Пакуль яму цяжка вяртацца ў звычайнае жыццё.

«Там 80% сядзіць ад тых 3%»

«Палітычных» паўсюль не бракавала. У кожнай камеры СІЗА з ім сядзелі па 2-3 чалавекі з палітычнымі справамі, на «Віцьбе» цяпер каля 70 палітвязняў. У калоніі тыя, хто стаіць на ўліку як «экстрэміст», павінны насіць жоўтыя біркі. 
«Там 80% сядзіць ад тых 3%, — паўжартам кажа Віктар пра кантынгент. — Асноўная іх мэта — абдурыць бліжняга, з'есці спачатку чужое, а свайго не кранаць».
Чалавечнага, на яго думку, на зоне нічога няма. Раней асуджаныя выконвалі абяцанні, цяпер іх не прытрымліваюцца. Калі нехта нешта пазычыў іншаму, то наўрад ці яму гэта аддадуць. Чалавечнасці з боку супрацоўнікаў Віктар таксама не сустракаў. Калі нехта і выглядаў добрым чалавекам, то баяўся гэта праявіць, каб яго не «здалі» начальству калегі.
«„Палітычныя“ сталі адыходзіць ад „зэч’я“. Яны там кураць, „чаі ганяюць“, а мы зарадку робім, чытаем, іншую працу робім», — кажа пра адрозненні былы вязень.
У калоніі Віктар працаваў падсобным рабочым на дрэваапрацоўцы. За 4 месяцы зарабіў 4 рублі.
«На прамзоне вітаецца ўсё тупое, дурное. Калі добрую падказку дасі, гэта не вітаецца. А калі прыдумаеш, як ускладніць жыццё ўсім, гэта ўхваляюць, каб дошку, прыкладам, прынесці не напрасткі, а наўкола», — расказвае пра парадкі вязень.

«Праз шчылінку ў замурзаным акне пабачыць вуліцу — шчасце»

Пра ўмовы вязень коратка кажа: было цяжка. Кожны дзень — як выпрабаванне. Не ведаеш, дзе будзеш праз хвіліну. У калоніі цяжэй, чым у СІЗА, бо зусім няма асабістага часу і прасторы.
«Гродзенская турма вяртае ў Сярэднявечча. На сценах цвіль», — успамінае Віктар.
 Як самыя цяжкія моманты Віктар успамінае час каранціну і час у «стакане», калі памяшканне перанаселенае ў некалькі разоў, «як шпроты ў бляшанцы». Цяжкім быў доўгі этап у калонію. Рукі скутыя кайданкамі наперадзе, «сабакі ногі ледзь не грызуць», а трэба несці свае дзве вялізныя торбы з рэчамі, закідваць іх у вагон. Гаворкі пра тое, што дапамогуць канваіры, няма.
Калі следства па справе Царыкевіча завяршалася, яго пасадзілі на 21 дзень у адзіночную камеру. Адтуль рэгулярна выклікалі на гутаркі. Ад яго чакалі прызнальных паказанняў або сведчанняў супраць іншых. Ён нічога не сказаў.
«Калі я праседзеў тыдзень у "адзіночцы", у мяне ў камеры з'явілася адна мошка, маленькая мошка. Я так радаваўся, што я там не адзін», — кажа былы вязень.
Дробнай радасцю было ўбачыць горад па дарозе на суд.
«Праз шчылінку ў замурзаным акне пабачыць вуліцу — гэта шчасце. Я не бачыў снегу гэтай зімой», — кажа Віктар.
Каб выпрабаваць сябе на трываласць пасярод штодзённых стрэсаў, ён у турме кінуў курыць.
Аднак пры гэтым стараўся заставацца бадзёрым.
«Можа, толькі адзін дзень сумаваў — калі ў дзіцяці быў Дзень нараджэння. Але не магу я доўга грузіцца... На Новы год было сумна, а потым усё роўна весела. Нехта запусціў салют за брамай гродзенскай турмы», — успамінае ён.
Віктар кажа, што ўсміхацца ў зняволенні не прынята. Калі супрацоўнік убачыць усмешку, можа прыйсці са «шмонам», бо ўсмешка сведчыць, што чалавек не зламаўся, таму яму чыняць дадатковыя цяжкасці. Але ўнутраны настрой, на яго думку, — менавіта тое, чаго не могуць забраць.
На «Віцьбе» ён убачыў, што людзі досыць прыгнечаныя.
«Я не баяўся ўсміхацца. Не трэба нос апускаць. Я першы, хто стаў там падымаць дух. Былі тыя, хто насы добра павесілі. Навучыў я іх вітацца, цяпер усе так вітаюцца», — кажа Віктар і паказвае знак «вікторыі» і сціснуты кулак.

«Калі іх будуць судзіць, я буду за тое, каб судзілі нястрога»

«Віцьба» лічыцца паказальнай калоніяй, бо там сядзяць былыя пракуроры, следчыя, суддзі, бізнесмены. Паводле назіранняў Віктара, сярод вязняў адчуваецца падзел паводле былых пасад. «Простыя людзі» баяцца падыходзіць да «дзяржслужбоўцаў», хоць і хацелі б запытацца парады ў сваіх справах. Ён сам так не дзяліў людзей, а стасаваўся з імі паводле чалавечых якасцей.
«Я любому мог сказаць, што ён забойца, калі ён сядзеў за забойства. Не баяўся гэта гаварыць. Там так не прынята», — кажа Віктар.
Зняволенаму былому «кадэбэшніку», якому далі 15 гадоў за здраду дзяржаве праз перадачу сакрэтных даных, Віктар гаварыў у твар, што той вінаваты.
«Кажу: "Колькі б ты сам сабе даў, калі б сябе судзіў?" — "Гадоў 7–8". — "Вось і сядзі. Хто вінаваты, што сістэма такая жорсткая? Ты сам сябе асудзіў. Ты злачынец. Ты хацеў 7–8, а сістэма захацела 15», — пераказвае дыялог суразмоўца.
Царыкевіч мяркуе, што праз тое, што ён не баяўся, яго пабойваліся супрацоўнікі. Калону, у якой ён ішоў на працу, маглі не пералічваць, не правяраць, апускалі вочы пры сустрэчы пасля таго, як ён напісаў скаргу на іх у Генпракуратуру.
«Яны адчуваюць, што ім за гэта некалі нешта будзе», — мяркуе былы вязень.
Ён перакананы, што чакаць нечага добрага ад супрацоўнікаў турмы не варта, як і верыць ім.
«Калі іх будуць судзіць, пэўна, я буду адным з нямногіх, хто скажа, каб іх не судзілі строга. Каб яны ўбачылі, што не толькі зло бывае, каб яны адчулі, што можа быць нешта добрае», — кажа пра будучыню Царыкевіч.

«Навошта тады было ўвогуле падымаць голаў?»

Царыкевічу ў ліпені прыйшоў ліст ад Васкрасенскага з прапановай напісаць прашэнне аб памілаванні. Ён на яго не адказваў.
Ён расказаў, што 30 траўня ў калонію прыязджалі прадстаўнікі Генпракуратуры, выклікалі па адным усіх, хто стаіць на ўліку па «экстрэмізме» і ўгаворвалі пісаць такую ж просьбу. Пагадзіліся 6–7 чалавек. Аднак пазней іх сваякам у Генпракуратуры сказалі, што ніякіх папер у іх няма. Пазней іх выявілі ў Васкрасенскага, кажа Царыкевіч. Цяпер вязні ўжо не давяраюць такім прапановам.
Віктар мяркуе, што ўнутры калоніі нікога не будуць асуджаць, калі яны напішуць прашэнні аб памілаванні, бо гэта прыватная справа кожнага.
Што да агульнага настрою вязняў, то суразмоўца перакананы, што большасць працягвае спадзявацца на хуткія перамены.
«Да гэтага часу людзі там сядзяць з такімі думкамі, што вось-вось нешта пераменіцца. Нетрывалае ўсё, што будуецца на гвалце... Надзея там ніколі не памрэ. Кожны вечар па СТБ навіны. Гэта як закон — прыйсці і паслухаць хаця б анонс — можа нешта памянялася», — кажа Віктар.
Ён сам верыць у лепшае, з'язджаць з краіны не плануе.
«Усё добра будзе. Ход гісторыі не змяніць. Сядзець, павесіўшы насы, — навошта? Хай год, хай два, усё роўна нешта ж зменіцца. Хай нават пяць. Трэба заставацца і будаваць краіну сваімі рукамі... Навошта тады было ўвогуле падымаць голаў?» — кажа ён.